“Становішча палітвязьняў у Беларусі крытычнае”
Міжнародная Фэдэрацыя за правы чалавека (FIDH) і яе сяброўская арганізацыя ў Беларусі Праваабарончы цэнтр «Вясна» апублікавалі супольную заяву, у якой выказваюць глыбокае абурэньне масавымі і сыстэматычнымі актамі ціску і рэпрэсіяў у дачыненьні да палітычных зьняволеных у Беларусі.
У заяве гаворыцца: “11 чалавек, якія знаходзяцца ў зьняволеньні па палітычных матывах, пастаянна спазнаюць пакараньні, якія рэзка пагаршаюць і бяз таго нялёгкія рэжымы іх утрыманьня, абмяжоўваюць іх сродкі да існаваньня, якасьць харчаваньня і мэдычнай дапамогі”.
FIDH і ПЦ «Вясна» зьвяртаюць увагу, што акрамя 11 палітычных зьняволеных, свабода шэрагу грамадзянаў Беларусі, якія не знаходзяцца ў месцах зьняволеньня, у цяперашні час сур’ёзна абмежаваная з прычыны іх асуджэньня або перасьледу па палітычна матываваных крымінальных справах. Паводле праваабаронцаў, гэта тычыцца 40 чалавек.
Так, у дачыненьні да трох актывістаў на падставе адміністрацыйных спагнаньняў, вынесеных судамі ў сувязі зь іх грамадзкай дзейнасьцю ў 2012 г., быў вызначаны прафіляктычны нагляд з боку органаў унутраных справаў. У заяве тлумачыцца, што яны абавязаныя знаходзіцца дома ў начны час, ня могуць выяжджаць за межы населенага пункту без дазволу адказнага органу, на іх распаўсюджваецца шэраг забаронаў, у тым ліку на наведваньне публічных месцаў. Парушэньне гэтага рэжыму можа пацягнуць паўторнае прыцягненьне да крымінальнай адказнасьці і пазбаўленьне волі.
МФПЧ і “Вясна” перадалі аналітычную запіску, якая “наглядна дэманструе сістэматычныя рэпрэсіўныя дзеянні ў дачыненні да асоб, якія адбываюць ці адбылі пакаранне за сваю палітычную ці праваабарончую дзейнасць”, спецяльнаму дакладчыку па Беларусі пры Савеце па правах чаловека ААН, еўракамісару па пытанням пашырэння і палітыкі дабрасуседства Штэфану Фюле, адпаведным тэматычным інстанцыям ААН, АБСЕ і іншым міжнародным механізмам па абароне правоў чалавека.
Міжнародная Фэдэрацыя за правы чалавека (FIDH) і Праваабарончы цэнтар «Вясна» патрабуюць ад уладаў спыніць рэпрэсіі; вызваліць і зьняць судзімасьць з усіх незаконна асуджаных, а таксама перагледзець справы, у якіх відавочны палітычны складнік, і зьняць з раней вызваленых ахвяраў палітычна матываванага перасьледу ўсе абмежаваньні ў правах.