Актуальна

Статкевіч адбывае 15 сутак, у аўторак яго чакае новы суд

Палітык і сустаршыня Беларускага нацыянальнага кангрэсу (арганізацыя афіцыйна не зарэгістраваная ў Беларусі) Мікалай Статкевіч адбывае адміністрацыйны арышт на 15 сутак за ўдзел у вулічнай акцыі ў Менску 3 ліпеня. 26 верасьня яго будуць судзіць за ўдзел у акцыі 8 верасьня супраць беларуска-расейскіх вучэньняў «Захад-2017».

• Павел Севярынец, Мікалай Статкевіч і Ўладзімер Някляеў на акцыі 8 верасьня

«Дакладна ведаю, што яго арыштавалі паводле жнівеньскага рашэньня суду за 3 ліпеня, — паведаміла агенцтву БелаПАН жонка Статкевіча Марына Адамовіч. — Таксама прыйшла позва на 26 верасьня, Мікалая будуць судзіць за акцыю 8 верасьня».

Арышты палітыка і паэта Ўладзімера Някляева, які 21 верасьня вызваліўся пасьля сямісуткавага арышту, а таксама ўчорашні арышт Статкевіча Адамовіч зьвязвае з завяршэньнем вучэньняў «Захад-2017». Улады, паводле яе, вырашылі «закручваць гайкі».

Адамовіч не выключае, што Статкевіча праз 15 сутак могуць вызваліць, а потым яшчэ пасадзіць за акцыю 8 верасьня на тыя самыя 15 сутак. У такім выпадку, адзначыла яна, палітык ня зможа ўзяць удзел у анансаванай на другую палову кастрычніка акцыю «Марш абураных беларусаў 2.0».

Адамовіч таксама атрымала позву ў міліцыю за ўдзел у акцыі 8 верасьня, у якой, адзначыла яна, яе «без складаньня пратаколу загадзя запрашаюць у якасьці правапарушальніцы».

Папярэдні раз Статкевіч быў затрыманы ў Менску 26 жніўня. Яго арыштавалі на пяць сутак за дэманстрацыю бел-чырвона-белага сьцяга каля ЦВП ў канцы сакавіка сёлета. Меркавалася, што Статкевіч таксама будзе адбываць яшчэ 15 сутак адміністрацыйнага арышту, якімі яго пакаралі за арганізацыю вулічнай акцыі ў Менску 3 ліпеня, аднак 31 жніўня палітык выйшаў на свабоду.

svaboda.org