Зямляк Някляева: 100 гадоў таму да палітычных апанэнтаў ставіліся больш гуманна, чым сёньня

Вядомы крэўскі краязнаўца, дасьледчык гісторыі свайго краю Аляксандар Камінскі не абмінуў увагай вызваленьне пасьля сямісуткавага арышту свайго земляка — паэта і палітыка Ўладзімера Някляева.

Расказваючы пра гэта ў сваім блогу «Крэўскае мора», спадар Камінскі спрабуе параўнаць «палітычныя справы» з розьніцай больш чым у 100 гадоў — сёньняшнія і пачатку ХХ стагодзьдзя.

«Пасьля 7 сутак арышту быў вызвалены Ўладзімер Някляеў, які родам з Крэва. Чарговае затрыманьне было незаконным: чалавек усяго толькі паспрабаваў скарыстаць адно са сваіх канстытуцыйных правоў», — піша ў сваёй нататцы Камінскі.

У сувязі з гэтым ён згадвае інфармацыйную нагоду 110-гадовай даўніны, якая непасрэдным чынам тычыцца Крэва. У Вільні судзілі жыхара мястэчка Тадэвуша Сабалеўскага, палітычнага апанэнта ўладаў:

«У рубрыцы „Судовая хроніка“ аднаго з нумароў „Kurjer Litewski“ за 1907 год знаходзім цікавую зьвестку пра справу жыхара мястэчка Тадэвуша Сабалеўскага, якая разглядалася Віленскім судом, — працягвае краязнаўца. — Справа была палітычнай — Сабалеўскі абвінавачваўся ў падбухторваньні мясцовых сялянаў супраць уладаў. Абвінавачваньне сур’ёзнае, сямю суткамі тут не абысьціся. Аднак газэта паведамляе, што судовы разбор быў спынены. Бо… не знайшлося сьведак. І ўсё».

15 верасьня ў судзе над Уладзімерам Някляевым абышліся без прыцягваньня сьведак. Прынамсі, нікога з удзельнікаў акцыі 8 верасьня супраць вайсковых вучэньняў «Захад-2017» на працэс не запрашалі. Такім чынам, Някляеў быў пакараны арыштам за сам факт прысутнасьці на Кастрычніцкай плошчы.

А сёньня лёс калегі падзяліў Мікола Статкевіч, яшчэ адзін арганізатар пратэсту, ініцыяванага Беларускім нацыянальным кангрэсам.

svaboda.org