Статкевіч: Чакаю ўсіх кандыдатаў у дэпутаты на плошчы 12 верасня
Хэштэг акцыі #ВярніВыбары.
У мяне пытаюцца, чаму акцыя за сапраўдныя выбары праводзіцца ў панядзелак 12 верасня, на наступны дзень пасля чарговага выбарчага фарсу, а не адразу па яго завяршэнні.
Сапраўды, акцыі пратэсту супраць фальсіфікацый раней праводзіліся ў дзень прэзідэнцкіх “выбараў”, каб паспрабаваць перашкодзіць працягу незаконнага панавання дыктатарскага рэжыму яшчэ на 5 гадоў. Але ж пратэсты пасля парламенцкіх “выбараў” такую задачу наўпрост не ставяць.
Акрамя таго, у нашай акцыі маюць права ўзяць удзел сотні дэмакратычных назіральнікаў, занятых у нядзелю на “выбарах”. Яны могуць расказаць нам шмат цікавага з убачанага.
У “выбарах” удзельнічае каля 500 кандыдатаў, 110 з якіх ужо выбраны “дэпутатамі” іх гаспадаром. Астатнія выкарыстоўваюцца ў якасці статыстаў для легітымізацыі яго выбару.
Калі фальсіфікацыя выбару народа – гэта абраза ўсяго грамадства, то некалькі ганебных працэнтаў, напісаных кандыдату – гэта ўжо персанальная абраза для яго. А на абразу нармальныя людзі павінны адказваць. Хаця б публічнай праявай гневу і пратэсту.
Калі адзіная рэакцыя ў адказ на фальсіфікацыі і ўкрадзеную перамогу – толькі пакрыўджаныя заявы і скаргі заходнім партнёрам, то такія паводзіны нельга назваць годнымі.
Чакаем усіх кандыдатаў, вынікі галасавання па якім будуць сфальсіфікаваны, а таксама сябраў іх каманд 12 верасня 2016 года ў 18.00 на Кастрычнічкай плошчы Мінска.
Абараніць свой гонар, а таксама гонар выбаршчыкаў, якія галасавалі за вас – ваш абавязак.
Мікалай Статкевіч, facebook.com