Статкевіч — кандыдат у прэзыдэнты: за і супраць
Якія плюсы і мінусы вылучэньня Міколы Статкевіча кандыдатам у прэзыдэнты? Якіх палітычных мэтаў можна дасягнуць гэтым крокам? Ці можа гэтая кампанія паспрыяць вызваленьню палітвязьня? СЛУХАЙЦЕ ТУТ
Якая мэта вылучэньня Статкевіча?
Дракахруст: Пэўны час таму ў апазыцыйным асяродзьдзі нарадзілася ідэя — вылучыць кандыдатам у прэзыдэнты палітвязьня Міколу Статкевіча. Ён — адзіны з кандыдатаў у прэзыдэнты 2010 году, які застаецца за кратамі, ён не напісаў прашэньня аб памілаваньні дэманструючы моц і нязломнасьць духу. Здаецца, з гэтай прапановай пагадзілася большасьць апазыцыйных арганізацый, пачалося фармаваньне ініцыятыўнай групы па вылучэньні палітыка. Як вы аценьваеце гэтую ідэю?
Чавусаў: Я б разглядаў гэта, як тэхналягічны крок, які дазваляе апазыцыі дасягнуць пэўных мэтаў.
Плюсы: для апазыцыі ёсьць магчымасьць прадэманстраваць адзінства. Ні ў каго няма ўцямнай стратэгіі дзеяньняў на перамогу ў 2015 годзе. Ёсьць выйсьце — зрабіць маральны крок, вылучыць Статкевіча. Здымаецца ўзаемная рэўнасьць у пытаньні адзінага кандыдата.
Мінусы: рэальна можна казаць толькі пра падачу ў ЦВК дакумэнтаў на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. Малаверагодна, што яна будзе зарэгістраваная. Рэальна актыўная фаза кампаніі і грамадзкая ўвага да гэтага кроку — гэта некалькі дзён пасьля абвяшчэньня выбараў і да рэгістрацыі (ці адмовы ў рэгістрацыі) ініцыятыўнай групы.
Шарамет: Калі разглядаць вылучэньне Статкевіча як адзін з элемэнтаў барацьбы за яго вызваленьне — гэта добрая ідэя. Калі разглядаць гэтае вылучэньне як элемэнт палітычнай барацьбы на прэзыдэнцкіх выбарах — гэтая ідэя бесперспэктыўная.
Мацкевіч: Выбараў у краіне няма і сёлета іх таксама ня будзе. Пэрспэктываў на прэзыдэнцтва Статкевіч ня мае. Але іх ня мае ніхто. Мэты — ўзьняць на новы ўзровень праблему палітвязьняў, можа быць паспрыяць вызваленьню Статкевіча і прымусіць апазыцыйных лідэраў дамаўляцца хоць зь якой нагоды.
«Гэта плян дзеяньняў ці яго імітацыя?»
Дракахруст: Ці магчымы ідэальны сцэнар вылучэньня Статкевіча кандыдатам у прэзыдэнты — групу не рэгіструюць, але натхнёныя людзі па ўсёй краіне зьбіраюць подпісы за яго вылучэньне, зьбіраюць, скажам, мільён подпісаў? І незалежна ад рэгістрацыі Статкевіч робіцца уплывовай фігурай, лідэрам беларускай апазыцыі, беларускім Нэльсанам Мандэлам, так бы мовіць.
Мацкевіч: Гэты сцэнар прывабны. Але наўрад ці магчымы. Баюся, што Нэльсана Мандэлыса Статкевіча не атрымаецца. У нас бракуе аўтарытэтаў у палітыцы. Калі б Статкевічу нашымі намаганьнямі ўдалося дасягнуць такога аўтарытэту, такі варыянт быў бы досыць добрым.
Шарамет: Важна зразумець: гісторыя са Статкевічам — гэта плян дзеяньняў ці гэта імітацыя дзеяньняў? Мяне абурае хлусьлівасьць асноўных дзеячоў гэтага пляну. Апошнія паўтара гады ішлі перамовы ў апазыцыі, хто будзе адзіным ад апазыцыі. Ёсьць тры варыянты: наагул ігнараваць выбары, адзіны Някляеў і адзіны Лябедзька. Дамовіцца не атрымліваецца. І зьяўляецца ідэя са Статкевічам: «Мы ня можам дамовіцца, мы зьліваем прэзыдэнцкія выбары, але давайце зробім гэта прыгожа». Калі гэта спэкуляцыя, якая нічым ня скончыцца — гэта зьнявага Статкевіча, гэта плявок у твар іншым палітвязьням, зьдзек над беларускім грамадзтвам. А калі пачнецца прыхаваны сабатаж? Будуць казаць: «Трэба вызваліць Міколу, Мікола — гэта нашае ўсё», але рэальна ані Някляеў, ані Лябедзька, ані Янукевіч ня будуць прыкладаць ніякіх высілкаў, каб зьбіраць подпісы. Як тады яны будуць тлумачыцца з беларускім грамадзтвам?
Ці паспрыяе вылучэньне вызваленьню?
Дракахруст: У Беларусі зьбіралі подпісы пад тэкстам «Хартыі-97», зараз зьбіралі подпісы за «Народны рэфэрэндум». А абодвух выпадках здолелі сабраць прыкладна 100 тысячаў, столькі ж, колькі патрабуецца для вылучэньня кандыдата ў прэзыдэнты, ініцыятыўная група якога зарэгістраваная. Уявім сабе, што зьбяруць 100 тысячаў подпісаў за Статкевіча. І што?
Чавусаў: Узьняцьцё праблемы палітвязьняў на палітычны ўзровень вылучэньнем Статкевіча можа быць дасягнутае. Што да «Хартыі-97», то напачатку там быў маніфэст, пад якім падпісалася значная колькасьць беларускай інтэлігенцыі. Напачатку было аб’яднаньне, а потым дзеяньне. Ужо зараз у ініцыятыўнай групе Статкевіча дастаткова людзей, каб падаваць на рэгістрацыю. Праблема ў тым, ці будзе гэта адна група. Калі іх будзе некалькі, мэсыдж будзе размыты. Ужо зараз ідзе «перацягваньне канату», спрэчкі пра тое, як павінна фармавацца ініцыятыўная група. Калі Статкевіч будзе адзіным кандыдатам ад апазыцыі, яго могуць вызваліць. Вылучэньне Статкевіча — ў пэўным сэнсе ад безвыходнасьці. Нават тых дасягненьняў, якія былі ў 2010 годзе, на выбарах 2015 году ня будзе. Ніхто не заклікае на Плошчу, бо ва ўмовах украінскіх падзеяў ёсьць небясьпека, што Плошча прывядзе не да дэмакратыі, а да страты краіны.
Шарамет: Статкевіча могуць вызваліць у любы дзень. І павінны былі вызваліць. Ён у прынцыпе не павінен быў знаходзіцца ў турме, як і іншыя палітвязьні. Ці паспрыяе вылучэньне Статкевіча яго вызваленьню? Лукашэнка можа ўспрыняць гэта як шантаж. А ён хваравіта рэагуе на шантаж з боку тых, моц каго ён не адчувае. Ён можа саступіць шантажу Масквы, можа нават — шантажу Захаду. У адказ на шантаж слабейшых ён робіцца толькі больш злым. Калі ініцыятыўную групу не зарэгіструюць, то ў чым будзе ўдзельнічаць Статкевіч? У нас альтэрнатыўныя выбары ўжо былі, ў якіх удзельнічалі Міхаіл Чыгір і Зянон Пазьняк. У выбарах удзельнічаць трэба. Падзеі разьвіваюцца імкліва. Калі сустракаць выбары, седзячы па дамах, можа атрымацца, што апазыцыя прапусьціць свой гістарычны шанец, які можа зьявіцца на фоне абвастрэньня сытуацыі ва Ўкраіне і ў Расеі.
Мацкевіч: Шанец у тым, каб вызваліць Статкевіча і паспрыяць вызваленьню іншых палітвязьняў — толькі ў тым, што будзе адзіная ўзгодненая пазыцыя ўсіх апазыцыйных сілаў і грамадзянскай супольнасьці, да якіх далучыцца яшчэ і Захад. Калі б апазыцыя паставіла перад сабой відавочную мэту і здолела вакол яе аб’яднацца, гэта падвысіла б давер да яе з боку грамадзкасьці.