Статкевіч: Кангрэс дэмсілаў адбудзецца, што б ні было!

Днямі ў Менску адбылося чарговае пасяджэнне аргкамітэта па падрыхтоўцы кангрэса дэмакратычных сілаў. Ён узнік 17 снежня 2015 года, на наступны ж дзень пасля звароту прадстаўнікоў культуры і грамадскіх дзеячаў да лідараў і актывістаў беларускай апазіцыі. Яны заклікалі кансалідавацца і правесці кангрэс для выпрацоўкі сумеснага плана дзеянняў. Пра гэта, а таксама пра палітычнае ды геапалітычнае становішча краіны мы будзем разважаць з сябрам аргкамітэта кангрэса, на сёння найбольш вядомым апазіцыйным палітыкам Міколам Статкевічам.

На візітоўку шмат часу траціць не будзем: з большага, бадай, вядомая ўсім. Пяць апошніх гадоў ён правёў у турме пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010. Калі наўпрост з тэлеэкрана звярнуўся да Лукашэнкі: «вярні, што ўкраў, вярні выбары!». Дагэтуль не адноўлены ў грамадзянскіх правах, патэнцыяльна мае 8 гадоў судзімасці. 59 год. Муж, сын, бацька і ўжо дзед.

Мы з ім знаёмыя ўжо чвэрць века. Гавару пра асабістае таму, што першая сустрэча атрымалася «гарачай» і грамадска значнай. І да таго ж дагэтуль гэта «белая пляма» для ўсіх у палітычнай біяграфіі спадара Міколы. Таму ў пачатку нашай сустрэчы «байцы ўспаміналі мінулыя дні». Гэта было 20 жніўня 1991, калі ў прамым эфіры пасля забароненай уладамі радыёстанцыі «Беларуская маладзёжная» падпалкоўнік Статкевіч абвясціў пра стварэнне Беларускага Згуртавання вайскоўцаў, якое пасля адыграла сваю ролю ў стварэнні беларускага войска.

РР: Мы спакойна прайшлі ў вяшчальны блок, таму што міліцыянты з аховы не ведалі каго «не пушчаць», дый увогуле, на каго працаваць…

Мікола Статкевіч: Тое, што ты запрасіў у прамы эфір афіцэра з заклікам не падпарадкоўвацца загадам начальства, і каб “не стралялі ў свой народ”, лічылася тады дзяржаўнай здрадай – артыкул на расстрэл. Але б і цябе пасадзілі не на адзін год! Дагэтуль памятаю, як дрыжалі рукі ў гукарэжысёра, як бегаў вакол і крычаў тагачасны дырэктар радыё: «Вас усіх заб’юць сапёрнымі рыдлёўкамі!» Але былі спакойнымі ды іранічнымі. Дарэчы, крымінальная справа была тут жа заведзеная і мне пасля назвалі прозвішча пракурора, бо мае калегі ў пагонах здавалі ўсіх і ўсё. Задумайцеся тыя, хто актыўна дзейнічае зараз супраць апазіцыі – нехта з вашых, як лічыце, аднадумцаў, хто з вамі гарэлку п’е, старанна фіксуе вашы “перамогі”! Я з гэтым сутыкнуўся пасля ГКЧП – пайшла лавіна даносаў! Тое самае непазбежна будзе, калі сыдзе Лукашэнка…

РР: Усё ж які лёс сёння Вашага ўлюбёнага дзецішча – БЗВ?

Мікола Статкевіч: БЗВ выканала пэўныя пастаўленыя задачы. Першае – стварылася беларускае войска. Другое – была абарона незалежнасці да моманту, калі арганізуюцца сілавыя структуры. Трэцяе – гісторыка-патрыятычнае выхаванне грамадства. Але ў далейшым заўважылі, як апазіцыйныя палітыкі прайграюць выбары, а, значыць, ставяць пад рызыку ўсе нашы дасягненні. Таму, абмеркаваўшы сітуацыю, бацькі-заснавальнікі БЗВ вырашылі гэты “праект” закрыць. Бо, дайце веры, паўтарылася б тое ж, што з рухам “Гавары праўду”, які трапіў не ў “тыя” рукі. А гісторыя БЗВ рамантычна-прыгожая. Калі ж, не дай божа, спатрэбіцца аднаўляць незалежныя сілавыя структуры ад расейскай агрэсіі, яны ўзнікнуць – але пад іншай назвай. Аднак зробім усё, каб не ўзніклі і нагоды для гэтага…

РР: Цяпер пра галоўнае з жыцця палітыка Статкевіча: пра падрыхтоўку да Кангрэса дэмакратычных сіл…

Мікола Статкевіч: Разгледзелі пытанне рэгламенту і пастанавілі, што будзем працаваць на роўных, калі старшынства па чарзе. Абмеркавалі і прынялі праект парадку дня. Першае: стан беларускай дзяржавы, грамадства, нацыі, народнай гаспадаркі і тэндэнцыі да змяненняў. Другое: што трэба рабіць, каб гэты стан палепшыўся. І па-трэцяе, што могуць для гэтага зрабіць дэмакратычныя сілы.

РР: Назавіце сяброў аргкамітэта…

Мікола Статкевіч: Іх восем – Уладзімір Някляеў, Зміцер Дашкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Генадзь Фядыніч, Андрэй Саннікаў, Міхаіл Пастухоў, Станіслаў Шушкевіч і… я. Вядзём перамовы з правацэнтрысцкім блокам з АГП, БХД ды рухам “За Свабоду”, каб далучыліся. Прынамсі, кіраўніцтва БНФ запрасіла мяне і Някляева для гэтага на сойм. Карыстаюся момантам і звяртаюся да калег – праявіце адказнасць да кансалідацыі, далучайцеся да працы аргкамітэта! Алё, калі яе не ўбачым – ёсць і іншы варыянт. Будзем на ўзроўні шараговых сяброў кансалідаваць найбольш дзеяздольнае ядро апазіцыі. А лідары хай самі па сабе!

РР: Дарэчы, дакладна вызначыліся ў няўдзеле ў працы аргкамітэта і Кангрэса рух “Гавары праўду” Дзмітрыева і партыя “Справядлівы свет” Калякіна. За іх цьмянымі тлумачэннямі зразумела, што наперадзе парламенцкія выбары, маўляў, усе пойдуць сваім шляхам. А значыць няма сэнсу і няма на чым аб’ядноўвацца?

Мікола Статкевіч: Думаю, што добра, калі аб гэтым гаворыць кіраўніцтва “Гавары праўду”, бо, паводле маёй інфармацыі, яно працуе пад кантролем спецслужбаў. Ня кепска, што не бяруць удзел і былыя камуністы, бо мусім выпрацаваць, куды рухацца Беларусі. І што ж было б, калі адна частка Кангрэса глядзела б у бок Захаду, а іншая – на Расею?! Кангрэс пройдзе ў любым выпадку! І ўжо ў лютым павінны вызначыцца з працэдурай вылучэння дэлегатаў.

РР: Вашы лозунгі змяніліся. Калі ў 2010 з тэлеэкрана гучала: “вярні тое, што скраў, вярні выбары”, дык цяпер – “кангрэс без гэбістаў і камуністаў!” Палітычны фальклор Статкевіча?

Мікола Статкевіч: Па факту так і атрымалася. Трэба паказаць грамадству, што ў апазіцыі ёсць здаровае, дзеяздольнае ядро.

РР: Вы раней казалі, што адзіны механізм уздзеяння на ўлады – вулічныя акцыі. Але да ўдзелу ў выбарах Караткевіч высоўвае лозунг “за мірныя перамены”. А вы што тады – за вайсковыя?

Мікола Статкевіч: Я толькі за тое, каб людзі мірна жылі па 120 год здаровымі ды прыгожымі. Аднак у мяне няма пражэктаў, як дасягнуць гэтага, як і ў аўтараў тэорыі “мірных перамен”. Выбары 2015 не былі б фарсам, каб былі зробленыя дзве рэчы: публічна не прызналі перамогу Лукашэнкі і заклікалі б людзей на Плошчу супраць дзяржаўных фальсіфікацыяў. І зараз, калі ўлада не выправіць становішча з падлікам галасоў, варта казаць выбаршчыкам – вы што, садамазахісты, куды ідзяце, калі галасы не лічацца, а вам плююць у твар гэтымі смешнымі адсоткамі?! Таму адзінае ўратаванне міжнароднай рэпутацыі Беларусі – сведчанне ўсяму свету, што выбараў няма – праз масавыя пратэсты.

РР: Між іншым, тая ж Таццяна Караткевіч на нашым радыё ўпершыню абнародавала звесткі незалежных экзіт-полаў, дзе за яе насамрэч прагаласавалі ў розных рэгіёнах ад 15 да 30 %. Выходзіць, пратэстны патэнцыял грамадства дастаткова вялікі?

Мікола Статкевіч: Я маю звесткі з правінцыі, дзе палічылі галасы на выхадзе з участкаў: там у Лукашэнкі ад 45 і менш да 50 %. Таму, калі ўлада не зменіць механізм фальсіфікацыяў, дэмакратычныя кандыдаты мусяць свой удзел у выбарах скарыстоўваць, каб заклікаць людзей на Плошчу! Дарэчы, дастаткова аднаго, каб гэта арганізаваць: я гатовы! Дэмакратычныя кандыдаты мусяць арганізаваць свой спіс на еўрапейскай платформе. Пры ўсіх хібах непараўнальнам: рухацца ў Азію ці да еўрапейскага дабрабыту і асабістай ды палітычнай свабоды.

РР: Філосаф Аляксандр Клізоўскі ў адносінах да ідэалогіі падзяліў людзей на тры катэгорыі: на тых, хто адрынаюць усё, што не ведаюць, тых, хто слепа прымае на веру ўсё, што чуюць і тых, што закрываюць вочы на новую ступень эвалюцыі. Як тут “дайсці да кожнага”?

Мікола Статкевіч: Я ніколі не наракаю, што “народ не той, залішне паслухмяны, недасведчаны”. Калі не ўспрымаюць пэўныя лозунгі, праграмы, значыць, час не саспеў і рашучасць людзей змагацца за іх таксама. Дзве тысячы год таму сказанае: “рабі што варта і хай будзе што будзе!”

РР: Вы ўжылі словазлучэнне “еўрапейская платформа”. Ваш выхад з-за кратаў адбыўся ў выніку палітычнага размену паміж Лукашэнкам і Захадам. Але зараз сцвярджаеце, што ў многіх тамтэйшых палітыкаў у вачах не “ідэалы свабоды і правоў чалавека, а грошы”. Хоць міністр замежных спраў Літвы днямі заявіў, што ў Захада ёсць стратэгія ў адносінах да Беларусі…

Мікола Статкевіч: Мне б вельмі хацелася, каб Еўропа была актыўным палітычным гульцом у адносінах да нас. Але яны ў замкнёным, зачараваным коле напаўстратэгіяў. Спачатку санкцыі, што зводзяцца да забарону ўезду пэўнай колькасці чыноўнікаў. Але практычнага ўздзеяння на рэжым гэта ніяк не аказвае. Потым абіраецца новая генерацыя палітыкаў, якія кажуць: «Давайце зменім стратэгію на замарожванне і лібералізацыю!» Пачынаюць сустракацца, усміхацца з дыктатарам, нават даваць грошы. Іх хапае на квартал і застаюцца толькі пазыкі.

РР: Станіслаў Багданкевіч цвердзіць, што з-за палітыкі непрыняцця перамен Беларусь сёлета “з’есць” увесь свой золатавалютны запас…

Мікола Статкевіч: Беларусь чакаюць драматычныя падзеі. І вельмі кепска, што перад такой будучыняй дэмакратычныя сілы знаходзяцца ў такім распыленым стане. Кансалідацыя так ці інакш усё роўна адбудзецца…

РР: Альбо пратэстны рух узначаляць “зялёныя чалавечкі”?

Мікола Статкевіч: Так, бо пратэсты будуць нарастаць па сацыяльна-эканамічных падставах. І калі на чале сабе ўбачаць праеўрапейскія сілы, пойдуць за імі. Калі не: з-за спіны Лукашэнкі выйдуць тыя, хто яго гадамі падтрымліваў, а цяпер лічаць ворагам. Прадстаўнікі так званага “расейскага свету”, што стаялі за ягонымі плячыма з іх грашыма, свежыя энергічныя, з падтрымкай у беларускіх сілавых структурах. І атрымаем Лукашэнку-2 яшчэ ў горшым варыянце. Які будзе здаваць усё, аж да анексіі краіны. Таму на вулічную акцыю прыходзьце самі, а не піхайце студэнтаў ды свядомых пенсіянераў. Пасля яе здолеюць аштрафаваць, як зазвычай, аднаго чалавека: мяне. Але ў мяне маёмасці няма, а больш за 25% адбіраць не маюць права. Таму на колькасць штрафаў ужо не зважаю. Тым больш, нас чакае такая інфляцыя, што парынуць усе тыя штрафныя “мільёны”.

РР: Але як вы ставіцеся да выказванняў у незалежным друку, што Лукашэнка больш баіцца Пуціна, чым уласнага народа?

Мікола Статкевіч: Думаю, што баіцца ўсіх. Проста Пуцін вырашае сацыяльна-эканамічныя праблемы расейцаў шляхам агрэсіўных акцыяў. Пачуццё голаду прытупляе знешняй эйфарыяй, імперскага шавінізму. Інстынкт “свой-чужы” моцны, але доўга на ім не пратрымаешся! І калі да 2018, да новых выбараў кардынальнага поспеху ва Украіне і Сірыі не будзе, запатрабуецца чарговы “укол”. І першы кандыдат на яго, на жаль, Беларусь. З Лукашэнкі можна будзе лёгка з дапамогай тэлевізіі зрабіць ворага-здрадніка. І кінуцца ратаваць “рускі свет” у Беларусі. Шляхам агрэсіі альбо путчу. І тут, як ні дзіўна, кансалідаваная, моцная апазіцыя для Лукашэнкі памяншае пагрозу Пуціна! А апошні цяпер найбольш папулярны палітык у вялікай часткі электарату Лукашэнкі, што адвярнулася ад яго. Дарэчы, гэта для інфармацыі Лукашэнку: падумай!

На думку спадара Статкевіча, ідэя кангрэса дэмсілаў нават “пераспела”. Таму яго трэба правесці ўжо сёлета ў сакавіку. Па магчымасці, прымеркаваўшы да Дня волі.

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя