Статкевіч: кангрэс можа стаць мэханізмам перазагрузкі апазыцыі
Пра гэта ў інтэрвію карэспандэнту Свабоды распавёў адзін з ініцыятараў кангрэсу Мікалай Статкевіч.
«У нас прайшлі кансультацыі з соймам БНФ, па іх выніку калегі вырашылі прапанаваць нам плятформу. І калі мы зь ёй пагодзімся, то яны далучацца да аргкамітэту. Гэта дзіўна. Звычайна аб’ядноўваюцца людзі, якія ўжо свае погляды маюць, а ў нас яны незалежніцкія без сумневу, і потым ужо разам выпрацоўваюць плятформу. Але мы пагадзіліся і ў наступны аўторак будзем разглядаць іх плятформу, магчыма, нават і старшыня БНФ падыдзе на аргкамітэт кангрэсу. І калі ня будзе ніякіх пярэчаньняў, мы падтрымаем гэтую плятформу».
Паводле Статкевіча, таксама ў аргкамітэту кангрэсу прайшлі кансультацыі з правацэнтрысцкай кааліцыяй, якая марудзіць з далучэньнем да працы аргкамітэту.
«Як мы зразумелі, нашы калегі па правацэнтрысцкай кааліцыі выказалі сумнеў у наяўнасьці ў кангрэсу эканамічнай плятформы, сьпісу кандыдатаў і здольнасьці падтрымаць нашу працэдуру вылучэньня дэлегатаў. Справа ў тым, што гэта супольная задача аргкамітэту, куды ўсе далучаюцца.
Наагул, ёсьць два спосабы адмовіцца ад бясспрэчнага аб’яднаньня. Можна сказаць: чаго да вас ісьці, у вас жа нічога няма. Або калі тыя, хто далучыліся першымі, нешта напрацавалі, сказаць: чаго да вас ісьці, тое, што вы напрацавалі, нас не задавальняе.
Распрацоўкай эканамічнай праграмы, якую мы вынесем на кангрэс, будзе займацца Леанід Злотнікаў. Але мы адказалі калегам, што мы гатовыя разам з вамі разглядаць любыя вашы прапановы па эканамічнай праграме. І калі яны слушныя, то мы можам іх прыняць. Але гэта не падстава для аб’яднаньня наогул.
Акрамя таго, мы павінны супольна, мабыць, прыняць рашэньне аб удзеле ў гэтых выбарах і ўрэшце скласьці сьпіс кандыдатаў. Але мы гатовыя нават, калі ім трэба, няхай будзе свой сьпіс, выбараў усё роўна няма. Ідзіце сваім асобным сьпісам.
Усе гэтыя мэмарандумы, плятформы, праграмы непараўнальна меншыя за тую праблему, якая стаіць перад Беларусьсю: захаваньне нашай дзяржаўнасьці. Пагрозы ўсё бліжэйшыя. Сустрэць гэтую пагрозу і супрацьстаяць ёй, безумоўна, лепш аб’яднанай апазыцыі.
Мы павінны сабрацца разам на кангрэс, каб паказаць наша яднаньне Беларусі і сьвету. Каб выказаць наша агульнае стаўленьне да таго, што адбываецца з краінай. Каб выказаць агульны плян таго, што трэба рабіць, каб Беларусь стала нармальнай і захавала сябе. І, урэшце, выказаць задачы, якія павінны вырашыць дэмакратычныя сілы. І таксама заявіць, што ў нас ёсьць агульная пляцоўка для каардынацыі па вырашэньні гэтых задач.
А гэтая агульная пляцоўка — напачатку аргкамітэт кангрэсу, які потым можа набыць нейкі сталы статус і зьмяніць назву. Гэта ўсё непараўнальна большае, чым гэтыя дробязі, неіснуючыя выбары ці сьпісы. Таму мы максымальна будзем ісьці насустрач.
Мы гатовыя разглядаць праграмы правацэнтрысцкай кааліцыі, мы будзем разглядаць плятформу БНФ. Мы далучыліся і накіравалі сваіх прадстаўнікоў да адзінай кампаніі назіраньня «Права выбару». Мы накіравалі сваіх прадстаўнікоў у аргкамітэт па сьвяткаваньні 25 сакавіка. Мы гатовыя да яднаньня і ўсяляк гэта паказваем. Але трэба разумець, што цяпер кіраўніцтва дэмакратычных арганізацыяў праходзіць тэст на адказнасьць за лёс краіны. І калі мы пераканаемся, што яны не праходзяць гэты тэст, то, значыць, мы будзем мець права заявіць грамадзтву: патрэбна перазагрузка апазыцыі. І мэханізмам гэтай перазагрузкі можа стаць кангрэс. Ці, магчыма, мы зьменім гэтую назву. Бо гэта будзе ўжо іншы фармат, народны сход ці яшчэ нешта. Вось цяпер так выглядае сытуацыя».
Мікола Статкевіч пакуль ня змог назваць дату правядзеньня кангрэсу, які плянуецца на вясну гэтага году.
«Мы губляем час на гэтых манэўрах. Я проста хацеў бы шчырага адказу: так ці не. А тут пачынаецца: а вы тое не ўказалі, а вы там пра тое не напісалі. Усе гэтыя дзіцячыя хітрыкі вядомыя даўно.
Але мы будзем ісьці насустрач, укажам, пакажам, давайце ваша прымем. Але адкажыце на галоўнае пытаньне, адказу на якое чакае Беларусь. Вы за тое, каб дэмакратычныя сілы былі паяднаныя, ці не?
Галоўнае — воля аб’яднацца. Я не хачу займацца кансьпіралягічнымі вэрсіямі, чаму калегі так упарта супраціўляюцца гэтаму яднаньню на роўных. Мы ж не кандыдата ў прэзыдэнты выбіраем і ня лідэра апазыцыі будзем выбіраць. Давайце на роўных прымем рашэньне. Чаго вы так упарціцеся? Што за гэтым стаіць? Але потым ім давядзецца адказваць на гэтае пытаньне. А мы максымальна будзем ісьці насустрач».
У аргкамітэт кангрэсу ўваходзяць Мікола Статкевіч (БСДП «Народная грамада»), Станіслаў Шушкевіч (БСДГ), Уладзімер Някляеў (Рух за дзяржаўнасьць і незалежнасьць), Генадзь Фядыніч (прафсаюз РЭП), рух салідарнасьці «Разам», Зьміцер Дашкевіч, Міхаіл Пастухоў, Андрэй Саньнікаў.
На мінулым пасяджэньні сойм Партыі БНФ не прыняў прапанову аб далучэньні да аргкамітэту Кангрэсу.
Аргкамітэт вырашыў не запрашаць на кангрэс партыю «Справядлівы сьвет» і прадстаўнікоў кампаніі «Гавары праўду». У аргкамітэце кангрэсу рашэньні прымаюцца паводле прынцыпу «кансэнсус — мінус адзін», старшынства перадаецца шляхам ратацыі па чарзе, кворум складае 2/3 ад агульнага складу.
Мэтай Кангрэсу заяўленая кансалідацыя дэмакратычных сілаў, выпрацоўка і прыняцьцё супольнай стратэгіі.