Статкевіч, Кавалькова, Хашчавацкі, АГП і БХД. Хто падтрымлівае Сьвятлану Ціханоўскую

| На фота: Сьвятлана Ціханоўская (у цэнтры) на перадвыбарчым пікеце ў Менску, 19 ліпеня 2020 году

У сьпісе давераных асобаў, пададзеным у ЦВК, няма ні Марыі Калесьнікавай, ні Веранікі Цапкалы.

Першыя выбарчыя пікеты Сьвятланы Ціханоўскай прайшлі ў мінулую нядзелю, 19 чэрвеня, у Дзяржынску і Менску. Сталічны, які адбыўся ў парку ля плошчы Бангалор, сабраў больш за сем тысяч удзельнікаў.

Акрамя Сьвятланы Ціханоўскай, Марыі Калесьнікавай і Веранікі Цапкалы, там выступала таксама сустаршыня БХД Вольга Кавалькова. Як стала вядома Свабодзе, Вольга ўвайшла ў выбарчы штаб Сьвятланы і цяпер займаецца там каардынацыяй дзеяньняў.

«Так, гэта праўда, — пацьвердзіла Кавалькова гэтую інфармацыю ў размове са Свабодай. — Таксама я стала даверанай асобай Сьвятланы. Акрамя мяне, зь вядомых людзей у сьпісе давераных асобаў Мікалай Казлоў, Юры Хашчавацкі, Вераніка Мішчанка».

Акрамя іх, у сьпіс давераных асобаў Сьвятланы Ціханоўскай таксама ўвайшлі муж Сяргей Ціханоўскі, берасьцейскі палітык Мікалай Маслоўскі, «акумулятаршчык» Уладзімер Мароз, Мікалай Статкевіч, Вераніка Мішчанка, маці Паўла Севярынца Тацяна Севярынец, блогер Павал Сьпірын, старшыня Беларускай партыі жанчын «Надзея» Валянціна Палевікова і іншыя.

svaboda.org