Актуальна

Статкевіч кажа пра стварэньне больш шчыльнага аб’яднаньня на кангрэсе дэмсілаў. Тры структуры адмовіліся ад кангрэсу

Аргкамітэт атрымаў канчатковую адмову часткі правых арганізацыяў узяць удзел у кангрэсе дэмакратычных сілаў.

Папярэдняя дата яго правядзеньня — 14–15 траўня.

Але ўжо стала вядома, што арганізацыі, якія ўваходзяць у правацэнтрысцкую кааліцыю — АГП, БХД і рух «За свабоду» — не далучацца да аргкамітэту.

«У гэтай сувязі на парадку дня паўстае карэктыроўка фармату кангрэсу», — сказаў карэспандэнту Свабоды Мікалай Статкевіч.

«Цяпер ужо відавочна, што частка правых арганізацыяў, паказваючы адна на адну і спасылаючыся на нейкі дзіўны кансэнсус, адмаўляюцца ад гэтай відавочнай эфэктыўнай ідэі. Сытуацыя непрыемная. Мы тры месяцы чакалі канкрэтнага адказу, і нарэшце мы яго атрымалі. Мы атрымалі адказ: „Не“. Прычым выразных аргумэнтаў, якія можна б было назваць пераканаўчымі ці проста назваць, мы не пачулі. Тое што гучала, — нейкія там няўцямныя спасылкі і намёкі, спасылкі на кансэнсус. Пакажыце мне таго чалавека, які блякуе ваша далучэньне! Ім, бачыце, трэба яшчэ вельмі доўга кансультавацца, яшчэ паўгода, каб прыйсьці да рашэньня паміж трох арганізацыяў. І дзе гэта ў Беларусі было, калі перашкодай была пазыцыя партнэраў па кааліцыі? Хаваюцца за сьпіны адзін аднаго. Прыкра і сорамна. Трэба мець маральную пазыцыю.

Нам трэба аб’яднаньне, бо краіна ідзе да драматычных падзеяў, а мы распыленыя тут.

Мы нічога ня чуем уцямнага ў адказ. Выкручваюцца. Тры месяцы не маглі дамагчыся сустрэчы. Ну вось атрымалі», — сказаў Мікалай Статкевіч.

Мікалай Статкевіч заявіў, што астатнія ўдзельнікі кангрэсу могуць аб’яднацца шчыльней.

«Калі ў нас будуць ня ўсе дэмакратычныя партыі, але тыя, хто гатовы аб’яднацца, то, магчыма, мы паставім пытаньне пра больш шчыльнае аб’яднаньне. Магчыма, па выніках кангрэсу будзе ўтворана ня толькі нейкая пляцоўка для кансультацыяў, а нейкае міжарганізацыйнае аб’яднаньне. Я мяркую гэтую прапанову цяпер выносіць на паседжаньне аргкамітэту. Мы маем магчымасьць стварыць больш шчыльнае аб’яднаньне, зноў жа на ўмовах парытэту, роўнасьці суб’ектаў. На тых умовах, на якіх працуе аргкамітэт кангрэсу. Павінен працаваць кіроўны орган гэтага аб’яднаньня. Але трэба, каб тыя, хто гатовы аб’яднацца і дзейнічаць, тыя, у каго ёсьць адказнасьць, станавіліся шчыльней. Калі нас менш, то мы павінны быць згуртаванымі».

Радыё Свабода