Статкевіч: Суд над Эдуардам Пальчысам выразна сведчыць пра марыянеткавы характар беларускага рэжыма.
Суд над Эдуардам Пальчысам выразна сведчыць пра марыянеткавы характар беларускага рэжыма.
Аб гэтым на сваёй старонцы ў Фэйсбуку напісаў Мікалай Статкевіч.
На пачатку 2014 года расійскае тэлебачанне ў сувязі з украінскімі падзеямі было пераведзена ў рэжым баявой ваеннай прапаганды. Мэта такой прапаганды – любымі сродкамі, не зважаючы на рэальныя факты, спарадзіць у грамадстве нянавісць да меркаванага праціўніка, кансалідаваць народ вакол кіраўніцтва дзяржавы, падрыхтаваць яго да вайны.
Беларускі абывацель з-за таго, што мясцовы рэжым прадаў Расіі большую частку сваёй тэлевізійнай прасторы, зрабіўся ахвярай чужой ваеннай прапаганды.
Было два сродкі абароны ад яе – забароніць трансляцыю расійскіх каналаў альбо збалансаваць іх уздзеянне трансляцыяй украінскіх каналаў.
Але нашы ўлады, цалкам залежныя ад Масквы, пабаяліся абараніць мазгі беларусаў ад замбіравання нянавісцю да блізкага нам сяброўскага народа. Тады іх працу паспрабаваў выканаць нікому не вядомы блогер. Яго б ціха ўзнагародзіць за гэта. Дык не, судзяць.
Марыянеткі, адным словам.
Нагадаем, што сёння – трэці дзень суда над Эдуардам Пальчысам. Яго судзяць у Мінскім гарадскім судзе ў закрытым рэжыме. Яго абвінавачваюць у «распальванні варожасці па нацыянальнай прыкмеце і распаўсюджванні парнаграфічнай прадукцыі».