Статкевіч турэмшчыкам: Ганаруся ўдзелам у падзеях 19 сьнежня 2010 года
Мікалай Статкевіч чарговым разам адмовіўся прызнаць віну адносна падзеяў 19 сьнежня 2010 году.
Мікалай Статкевіч атрымаў вымову ад адміністрацыі магілёўскай турмы. Фармальна за тое, што нібыта ўдзень ляжаў «ўпоперак ложка». Між тым у апошнім лісьце Мікалая Статкевіча, які ўвечары 15 жніўня атрымала ягоная жонка Марына Адамовіч, згадваецца пра ціск з боку адміністрацыі. Марына Адамовіч распавяла:
«У панядзелак, 5 жніўня, яму вынесьлі чарговае спагнаньне. На гэты раз абмежаваліся вымовай. За тое, што ён нібыта ляжаў на ложку ў дзённы час. Ён напісаў у лісьце, што ўжо апратэставаў гэтую вымову. І дадаў, што калі яму абвяшчалі пра вымову, то запыталіся, ці прызнае ён сябе вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў 19 сьнежня 2010 году. На што Мікола сказаў, што ганарыцца гэтым днём і людзьмі, якія былі побач зь ім, і свайго стаўленьня да гэтага ніколі ня зьменіць. І сказаў, што калі атрымалі загад, то могуць зьмясьціць яго і ў карцэр. Але турэмшчыкі абмежаваліся вымовай».
Паводле ранейшых зьвестак, Мікалаю Статкевічу, пасьля таго, як яго звадзілі да турэмных лекараў, у камэры стала блага, ён упаў на падлогу. Турэмшчыкі не прыходзілі на дапамогу вязьню ня менш як 20 хвілін, хоць сукамэрнік Статкевіча грукаў у дзьверы і прасіў дапамогі. Траціў Мікалай Статкевіч прытомнасьць ці зь ім здарылася нешта іншае, Марына Адамовіч, паводле яе словаў, ня ведае. Пры гэтым яна адзначае, што напярэдадні да Мікалая Статкевіча ў камэру прыходзіў адзін з кіраўнікоў турмы і распытваў пра здароўе. Статкевіч ні на што ня скардзіўся, але яго ўсё роўна адвялі ў турэмны мэдпункт. Празь нейкі час пасьля вяртаньня ў камэру ўсё і здарылася, адзначае Марына Адамовіч.
Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў зьняволеньня нібыта за арганізацыю беспарадкаў 19 сьнежня 2010 году. Пакараньне адбывае ў Магілёўскай «крытай» турме. Толькі два тыдні таму зь Мікалая Статкевіча ў турме зьнялі статус «злоснага парушальніка рэжыму», які ў яго быў амаль два гады.