Статкевіч заклікае на вулічную акцыю 24 лістапада
Лідар апазіцыі Мікалай Статкевіч анансаваў чарговую вулічную акцыю пратэсту.
Яна пройдзе ў Менску 24 лістапада. Нагодай для яе правядзення, як сказаў палітык, стане «20-я гадавіна ўстанаўлення дыктатуры ў краіне».
«24 лістапада 1996 года ў краіне прайшоў рэферэндум, паводле вынікаў якога была скасаваная заканадаўчая ўлада, а Лукашэнка самаўпраўна дадаў сабе 2,5 года да тэрміна», – паведаміў Мікалай Статкевіч «Радыё Свабода».
Акцыя, паводле задумы Савета Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу, у склад якой уваходзіць і Статкевіч, пачне кампанію «За новыя выбары, за новую ўладу!».
Раней Савет БНК прыняў заяву, у якой заклікаў дэмакратычныя, грамадскія і палітычныя сілы далучыцца да гэтай кампаніі.
«Толькі свабодныя, справядлівыя выбары могуць стаць шляхам да выхаду з крызісу, да паляпшэння жыцця беларусаў», – заяўляюць арганізатары акцыі.