Актуальна

Статкевіча арыштавалі на 20 сутак. Пяць сутак – "за стаянне з сцягам на працягу хвіліны"

15 сутак палітыку прысудзілі за шэсце 3 ліпеня. Яго завочна судзілі 9 жніўня, але затрымалі толькі 26 жніўня. Як высветлілася ў панядзелак, яшчэ 5 сутак Статкевіч атрымаў за тое, што разам з іншымі палітыкамі і актывістамі сустракаў на Акрэсціна асуджаных за Дзень Волі.

Пра тое, што Мікалай Статкевіч затрыманы і знаходзіцца ў ЦІП на Акрэсціна, стала вядома ў суботу. Пра гэта напісала ў сваім фэйсбуку яго жонка, Марына Адамовіч. Статкевіча затрымалі недалёка ад дома, калі ён ішоў на сустрэчу.
 
Спачатку з\’явілася здагадка, што палітыка адправілі адбываць пакаранне за акцыю 3 ліпеня. Суд, па рашэнні якога Статкевіч атрымаў 15 сутак, прайшоў яшчэ 9 жніўня, але да мінулых выходных яго не затрымлівалі. Таксама Статкевіч атрымаў штраф у 50 базавых за ўскладанне кветак на Вайсковых могілках 8 траўня.
 
Аднак пазней Марына Адамовіч паведаміла, што ёй патэлефанавалі з Ленінскага РУУС і паведамілі, што Статкевіч затрыманы на 5 сутак. Калі адбыўся суд, якi вынес такое рашэнне, жонка палітыка ў суботу не ведала.
 
У панядзелак Марына Адамовіч у судзе Маскоўскага раёна атрымала копію рашэння суда, па якому Статкевічу далі 5 сутак.
 
“Гэта простая геніяльная пастанова: Яго асудзілі за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, якое адбылося на Акрэсціна 30 сакавіка і складалася” ў дэманстрацыі вялікага сцяга у складзе групы з сямі чалавек на працягу хвіліны”. І я  думаю пра тых сем чалавек: можа іх таксама асудзілі і яны пра гэтя ня ведаюць”, – кажа Адамовіч.
 
30 сакавіка на Акрэсціна Статкевіч і іншыя апазіцыйныя палітыкі і актывісты, сярод якіх былі Уладзімір Някляеў, Павел Севярынец, Дзяніс Садоўскі, Павел Вінаградаў, сустракалі сяброў, якія адбывалі пакаранне за ўдзел у Дні Волі, у прыватнасці асуджанага на пяць сутак актывіста АГП Дзмітрыя Кавалгіна.
 
Апазіцыянеры пад сценамі ЦІП разгарнулі вялікі бел-чырвона-белы сцяг. За імі ўвесь гэты час назіралі супрацоўнікі праваахоўных органаў у цывільным.
 
Як будзе адбываць пакараньне Статкевіч – адразу 20 сутак або спачатку яго адпусцяць, а потым затрымаюць зноў, Марына Адамовіч не ведае.
 
“Дадуць яму дзен-другі пагуляць ці ня, але ведаю, пра законы цяжкая гаварыць, бо цяжка знайсці тое, што не парушана”, – кажа Адамовіч.
 
Акцыя «За мірную Беларусь» прайшла ў цэнтры Мінска 3 ліпеня, у афіцыйны Дзень незалежнасці. На ёй выступілі супраць ваенных вучэнняў з Расіяй «Захад-2017».
 
Раней Статкевіча ўжо змяшчалі пад арышт праз некаторы час пасля рашэнняў суда, каб, як лічаць яго паплечнікі, нейтралізаваць палітыка напярэдадні новых акцый пратэсту. Чарговы арышт палітыка яго жонка звязвае з планаванай на 8 верасня акцыяй супраць вучэнняў з Расіяй.
 
Паводле tut.by