Статкевіча на паўгода пазбавілі спатканняў, калі ён адмовіўся прасіць пра памілаванне

Па словах дачкі вязня Кацярыны, бацьку настойліва і з пагрозамі прымушаюць пісаць прашэнне аб памілаванні:

– З сенняшняга дня ўжо пачынаецца поўная нагрузка, і ён будзе спрабаваць ці дайсці да ўрача, ці паскардзіцца, бо ён фізічна не можа гэту нагрузку перанесці. Яго спрабуюць заставіць напісаць прашэнне аб памілаванні, але ён гэтага не збіраецца рабіць. Што заўгодна, але адзінае, чаго не можа здарыцца, гэта таго, што ён падпіша прашэнне.

Грамадзянская жонка палітвязня Марына Адамовіч таксама ўпэўненая, што Мікалай Статкевіч не падпіша прашэнне аб памілаванні:

– Гэтая інфармацыя пацвердзілася падчас вельмі-вельмі кароткага званка да дачкі і такога ж кароткага званка да бацькі. Ён паведаміў, што яго зноў прымушалі падпісаць прашэнне аб памілаванні. У адказ на адмову яму забаранілі спадканні на паўгады. Гэта ўся літаральна інфармацыя, бо тэлефанаванні былі вельмі кароткімі.

З усіх пакараных удзельнікаў прэзыдэнтскай кампаніі Мікалай Статкевіч быў асуджаны на самы вялікі тэрмін – 6 гадоў пазбаўлення волі. Яго асудзілі па артыкуле аб масавых беспарадках. Сваёй віны ён ніколі не прызнаваў.