Статкевіча перавялі ў цяплейшую і сьвятлейшую камэру

У выходныя Мікалай Статкевіч патэлефанаваў жонцы Марыне Адамовіч — папярэдні званок быў амаль 2 месяцы таму.

«Бадзёры і вясёлы, як заўсёды. Яму дайшла мая рэчавая перадача, што ўжо неверагодна прыемна. Мікола кажа, што ў турме зараз усё істотна памянялася, сталі раптам прытрымлівацца Крымінальна-выканаўчага кодэксу, усё цяпер згодна з Кодэксам, як ён кажа. Яго перавялі ў іншую камэру, дзе цяплей, і пасьля той „лядоўні“, у якой ён амаль год утрымліваўся, камэра падаецца нават сьвятлейшай».

Глядзець відэа Глядзець відэа

Марына Адамовіч атрымала яшчэ адразу два лісты. Мікола Статкевіч са спазьненьнем даведаўся, што Мікалай Дзядок знаходзіцца ў памяшканьні камэрнага тыпу ў Шклоўскай калёніі:

«І ён узгадвае свой вопыт знаходжаньня там, турбуецца, каб мікалай Дзядок не апынуўся ў той жа камеры ПКТ, дзе быў ён. Піша, што камэра адмысловая, з трох бакоў агінаецца калідорам, у ёй ніводнага акенца, вісіць адна лямпачка ў 40 ват за жалезнай заслонай зь дзірачкамі. Выводзяць гуляць а палове на сёмую раніцы на паўгадзіны, калі сонца яшчэ няма…»

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Мікола Статкевіч адбывае 6-гадовае пакараньне ў Магілёўскай крытай турме.

Іна СтудзінскаяРадыё Свабода