Статкевічу турэмшчыкі аддалі неперакладзены ліст літоўскага палітыка
Мікалай Статкевіч атрымаў ліст вядомага літоўскага палітыка, але не атрымаў перакладу гэтага ліста на беларускую мову.
Тэкст неафіцыйнага перакладу з літоўскай мовы чытайце тут.
Ліст намесьніка старшыні Сацыял-дэмакратычнай партыі Літвы Юстаса Панкаўскаса дайшоў да былога кандыдата на прэзыдэнта Беларусі Мікалая Статкевіча, але без прыкладзенага да яго беларускага перакладу зь літоўскай мовы. Пра гэта паведаміла жонка палітвязьня Марына Адамовіч са спасылкай на зьвесткі з магілёўскай турмы. Прычыны, паводле якіх да Мікалая Статкевіча не дайшоў пераклад ліста, Марыне Адамовіч не вядомыя. Літоўска-беларускага, ці літоўска-расейскага слоўніка ў магілёўскай турме няма і прачытаць атрыманы ліст Статкевіч пакуль ня зможа. «Але навошта хаваць пераклад, калі ліст ужо выкладзены ў інтэрнэт?» — зьдзіўляецца Марына Адамовіч.
«Што тут…Як па-расейску кажуць, лепей „перебдеть, чем недобдеть“. І не істотна, што гэта выглядае сьмешна і недарэчна. Прычым зразумела, што я ж пра гэта раскажу замежным дыпляматам. Такім чынам, усё ж „перебдели“ яны дарэмна».
27 верасьня зь Мікалаем Статкевічам у турме сустрэўся адвакат.
«Было захварэў, але цяпер адчувае сябе нармальна. Атрымаў адказ на сваю скаргу на тое, што адміністрацыя ўжывае сытуацыю зь ягоным здароўем дзеля таго, каб на яго ціснуць і пагоршыць здароўе. Скаргу для праверкі перадалі з пракуратуры ва ўправу Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС, то бок у тую ж установу, на якую ён скардзіўся. Наколькі мне вядома, Мікалай зноў напісаў скаргу. Дамагаецца, каб усё ж праверку правяла сама пракуратура», — паведаміла Марына Адамовіч.
Мікалай Статкевіч асуджаны за Плошчу на 6 гадоў зьняволеньня, якія адбывае ў магілёўскай крытай турме.