Суд над Міколам Статкевічам на тле пацяпленьня адносін Беларусі з Эўразьвязам

Прысуд самаму вядомаму палітвязьню вынесьлі ў дзень, калі Аляксандар Лукашэнка сустракаўся з кіраўніком МЗС Аўстрыі Сэбастыянам Курцам. Што хочуць прадэманстраваць такім крокам беларускія ўлады? Ці прымае Эўразьвяз умовы афіцыйнага Менску? Хто ўзначаліць дэлегацыю Беларусі на саміце праграмы «Ўсходняга партнэрства» ў Рызе?

Удзельнікі: палітоляг Андрэй Фёдараў зь Менску і дырэктар Цэнтру палітычнага аналізу і прагнозуПавал Вусаў з Варшавы.

Вусаў: «Гэта дэманстрацыя такой вясковай, калгаснай сілы».

Валер Карбалевіч: «Беларускія ўлады ўзмацняюць ціск на палітвязьняў. У студзені палітзьняволенаму Мікалаю Дзядку прысудзілі яшчэ год зьняволеньня за некалькі дзён да таго, як ён павінен быў выйсьці на свабоду. Юрыя Рубцова, які праходзіць пакараньне на „хіміі“, зьмясьцілі ў ізалятар, будуць зноў судзіць. У панядзелак Міколу Статкевічу прысудзілі вяртаньне ў турму да канца тэрміну. Анархісту Арцёму Пракапенку адмовілі ў амністыі, хоць ён напісаў прашэньне аб памілаваньні. Калі б гаворка ішла пра адзін выпадак, то можна было б казаць пра выпадковасьць. але цяпер відавочна, што ўсё гэта робіцца зь нейкім такім выклікам, дэманстрацыяй.

І ўсё гэта адбываецца на тле інтэнсыфікацыі дачыненьняў Беларусі з Эўразьвязам. У красавіку ўпершыню з 2010 году Менск наведаў эўракамісар па пытаньнях пашырэньня і палітыкі добрасуседзтва Эўразьвязу Ёганэс Ган.

Прысуд Міколу Статкевічу вынесьлі ў панядзелак, у дзень, калі Аляксандар Лукашэнка сустракаўся з кіраўніком МЗС Аўстрыі Сэбастыянам Курцам і казаў пра пацяпленьне адносін з ЭЗ. У той жа дзень адбылася сустрэча міністра замежных спраў Макея з упаўнаважаным МЗС Нямеччыны Гернатам Эрлерам. Што ўсё гэта азначае? Што хоча паказаць афіцыйны Менск?»

Андрэй Фёдараў: «Лукашэнка хоча паказаць, што тыя санкцыі, якія былі уведзеныя Захадам, на яго ня дзейнічаюць. Думаю, афіцыйны Менск лічыць, што Захад так моцна зацікаўлены ў Беларусі за яе пазыцыю ва ўкраінскім канфлікце, што даруе парушэньне правоў чалавека».

Павал Вусаў: «Тое, што робяць беларускія ўлады ў дачыненьні да палітвязьняў, — гэта менавіта дэманстрацыя. Лукашэнка імкнецца паказаць, што ў „халоднай вайне“ з Захадам ён атрымаў абсалютную перамогу, а эўрапейскія палітыкі — „безь яец“. Гэта дэманстрацыя такой вясковай, калгаснай сілы».

Карбалевіч: «Адзіная мэта такіх дзеяньняў Лукашэнкі — атрымаць псыхалягічнае самазадавальненьне? Ці тут існуе і нейкі рацыянальны разьлік?»

Вусаў: «Бессэнсоўна ацэньваць паводзіны Лукашэнкі рацыянальна. Ягоныя дзеяньні ірацыянальныя. Ягонае разуменьне рэальнасьці скрыўленае.

Другі момант. Паміж Лукашэнкам і Статкевічам ідзе пэрсанальная вайна. Кіраўнік Беларусі хоча маральна зламаць палітвязьня (як ён „зламаў“ Захад), прымусіць яго напісаць прашэньне аб памілаваньні».

Фёдараў: «Думаю, усё ж рацыянальны разьлік у пазыцыі афіцыйнага Менску ёсьць. Хоць я ня ўпэўнены, што гэты разьлік правільны. Лукашэнка хоча нармалізаваць адносіны з Захадам, не саступаючы ў пытаньнях правоў чалавека».

Ці прымае Эўразьвяз умовы афіцыйнага Менску?

Карбалевіч: «Ну вось давайце пагаворым пра тое, ці правільны разьлік, ці прымае ЭЗ умовы афіцыйнага Менску. Вось я зьвярнуў увагу на цікавы факт. Якраз у панядзелак па АНТ трансьлявалі ток-шоў „Дело принципа“. У ім удзельнічала кіраўніца дыпляматычнага прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі Майра Мора. Вядучы Вадзім Гігін тры разы задаваў ёй пытаньне: што перашкаджае супрацоўніцтву ЭЗ і Беларусі? Але слова „палітвязьні“ сп-ня Майра Мора так і ня вымавіла. У ЭЗ новая палітыка адносна Беларусі?»

Вусаў: «Паводзіны і выказваньні сп-ні Майры Моры часам даволі дзіўныя. Цяперашняя сытуацыя нагадвае пэрыяд 2008 году, пасьля расейска-грузінскай вайны. Тады таксама Захад спрабаваў зьмякчыць сваю пазыцыю ў дачыненьні да афіцыйнага Менску.

Так і цяпер не рацыянальная пазыцыя беларускага кіраўніцтва, а зьмена геапалітычнай сытуацыі з-за ўкраінскага крызісу паўплывала на карэктыроўку палітыкі ЭЗ адносна афіцыйнага Менску. Цяпер для Захаду галоўнае — не каштоўнасьці, а спробы пагуляць на геапалітычным полі Расеі».

Я ня ўпэўнены, што Захад цалкам пагадзіўся на тыя ўмовы, якія навязвае Менск…

Фёдараў: «Адрозьненьне цяперашняга моманту ад пэрыяду 2008–2010 гадоў у тым, што тады беларускі рэжым спрабаваў дэманстраваць дэмакратызацыю ўнутры краіны, выпусьціў усіх палітвязьняў. А цяпер улады дэманструюць жорсткасьць.

Я ня ўпэўнены, што Захад цалкам пагадзіўся на тыя ўмовы, якія навязвае Менск. Пакуль візыты ў Менск ладзяць не асобы вышэйшага ўзроўню. (Саміты па ўкраінскім пытаньні вынесем за дужкі, усё ж палітыкі ўсясьветнага ўзроўню прыяжджалі не да Лукашэнкі.) Санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі захоўваюцца».

Хто ўзначаліць дэлегацыю Беларусі на саміце ў Рызе?

Карбалевіч: «На гэтым тле паўстае пытаньне: хто ўзначаліць дэлегацыю Беларусі на саміце „Ўсходняга партнэрства“ ў Рызе? Пасьля новага суду над Статкевічам пытаньне пра паездку ў Рыгу Лукашэнкі можна лічыць закрытым?»

Вусаў: «Думаю, пытаньне паездкі Лукашэнкі ў Рыгу ўвогуле не разглядалася Менскам. Бо беларускае кіраўніцтва не жадае раздражняць Маскву. Расея ж лічыць саміт „Усходняга партнэрства“ антырасейскім. Калі Лукашэнка не паедзе на парад у Маскву 9 траўня, а паехаў бы ў Рыгу, можна прагназаваць расейскую рэакцыю. Тым больш што гэты Рыскі саміт не нясе стратэгічных наступстваў для Беларусі. Калі так, то навошта рызыкаваць?»

Фёдараў: «Я бачу тры прычыны, з-за якіх Лукашэнка сам не імкнецца ехаць у Рыгу. Па-першае, гэта негатыўная рэакцыя на такую паездку з боку Масквы. Па-другое, у выпадку паездкі ў Рызе маглі здарыцца нейкія непрыемныя для Лукашэнкі інцыдэнты. Па-трэцяе, вынікі праекту «Ўсходняе партнэрства» ня вельмі пераканаўчыя.

Валер Карбалевіч, Радыё Свабода