Суддзя адмаўляе факт сталінскіх рэпрэсій?
Па пошце “суд” Ленінскага раёну паведаміў пра чарговы штраф. На гэты раз – за “Ланцуг памяці” 29 кастрычніка каля будынка КГБ у Мінску. Жалобная акцыя была прысвечана памяці сотняў тысяч беларусаў, закатаваных папярэднікамі сучасных гэбістаў.
Звычайна не пішу пра “суды”, але шакаваў выраз з пастановы “суддзі” Камушкіна А. М. Цытую даслоўна : “…с целью публичного выражения своего отношения к памяти жертвам “Сталинских репрессий” …” .
Значыць, гэты Камушкін не толькі насуперак правілам арфаграфіі з захапленнем піша слова “сталінскіх” з вялікай літары. Ён яшчэ ставіць сваім двукоссем пад сумнеў сам факт рэпрэсій, хаця нават савецкія камуністы прызнавалі 600 тысяч рэпрэсаваных у Беларусі.
Мажліва таму, што нехта з яго сям\’і ў 1937-м годзе сам страляў з нагана ў патыліцы звязаных людзей на краю растрэльных ямаў? А мо ён прыехаў да нас з нейкіх шчаслівых месцаў, дзе рэпрэсій не было? Але ў нас яны былі.
Калі шукаў месца забойства дзеда па маці, растралянага ў студзені 1938-га Слуцкім НКВД, то даведаўся, што толькі вакол невялічкага тады Слуцка былі растраляныя тысячы людзей. Мой бацька расказвае, што ў тыя страшныя часы мужчыны з вёсак начавалі ў лесе. Бо, калі прыехаўшыя за чарговай ахвярай чэкісты не заставалі яе дома, то забіралі суседа. Каб бензін дарэмна не паліць.
А колькі соцен тысячаў “раскулачаных” сем\’яў вывозілі з Беларусі ў тундру і пакідалі выжываць там літаральна на снезе. Амаль усе іх дзеці загінулі.
Не ведаю, ці будзе прынята ў дэмакратычнай Беларусі крымінальнае пакаранне для тых, хто адмаўляе факт сталінскіх рэпрэсій. Але ўпэўнены, што такім знойдзецца толькі адно месца ў нармальных судах. І яно будзе не ў крэсле суддзі, а на лаве насупраць.
Мікалай Статкевіч 10 студзеня 2018 года