Сукамернік Статкевіча: “Раз ён такі страшны, то няхай мне кожны дзень з ім залічваюць за 5”
Мікалай Статкевіч пажартаваў, што Лукашэнка прадставіў яго гэткім злачынцам, што сукамэрнік напалохаўся і зараз будзе патрабаваць, каб кожны дзень, праведзены ў камэры са Статкевічам, залічваўся яму за 5 дзён.
Былога кандыдата на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча ў магілёўскай калёніі наведаў адвакат. Жонка палітвязьня Марына Адамовіч паведаміла, што ён пачуваецца бадзёра, на ўмовы ня скардзіцца. Мікалай Статкевіч пасьля невялікага зьмякчэньня рэжыму атрымаў права на паўтары гадзіны шпацыру на сьвежым паветры і выкарыстоўвае гэтае права цалкам і кожны дзень, паведаміла Марына Адамовіч.
Паводле яе зьвестак, Мікалай Статкевіч і ягоны сукамэрнік 15 студзеня слухалі па радыё прэсавую канфэрэнцыю Аляксандра Лукашэнкі. Пад час канферэнцыі, як паведамляе Наша Ніва, Аляксандар Лукашэнка некалькі разоў вельмі нервова згадаў Мікалая Статкевіча.
Марына Адамовіч: «Мікалай пажартаваў, што паколькі Лукашэнка прадставіў яго гэткім злачынцам, то сукамэрнік “напалохаўся” і зараз будзе патрабаваць, каб кожны дзень, праведзены ў камэры са Статкевічам, залічваўся яму за 5 дзён».
Марыне Адамовіч таксама вядома, што Мікалай Статкевіч атрымаў ліст ад былога кандыдата на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева. «Але зьмест ліста мне невядомы», — сказала «Свабодзе» Марына Адамовіч.
Раней на сайце Мікалая Статкевіча быў выстаўлены ягоны ліст з турмы, у якім палітвязень задае Ўладзімеру Някляеву і іншым удзельнікам прэзідэнцкай кампаніі 2010 года шэраг пытаньняў адносна падзеяў напярэдадні Плошчы, увечары 19 сьнежня 2010 году.