ГлыбокаеПалітвязні

Супраць Мікалая Статкевіча могуць узбудзіць яшчэ адну крымінальную справу

Супраць Мікалая Статкевіча могуць узбудзіць новую крымінальную справу за “злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы”. Аб гэтым піша ініцыятыва BYPOL са спасылкай на ўдзельнікаў Плана Перамога.

Па дадзеных крыніцы, матэрыял для ўзбуджэння справы па арт. 411 КК Беларусі ўжо сабраны. Цяпер Статкевіча трымаюць у памяшканні камернага тыпу. У ініцыятыве адзначылі, што новы прыгавор можа павялічыць час знаходжання палітыка ў зняволенні яшчэ як мінімум на паўгода.

Нагадаем, мінулай восенню стала вядома, што за пяць месяцаў 2023 года да Мікалая Статкевіча 9 разоў прымянялі розныя спагнанні. Яго некалькі разоў адпраўлялі ў штрафны ізалятар, пазбаўлялі права на працяглы і на кароткі спатканні, пазбаўлялі магчымасці атрымаць пасылку. У зняволенні Статкевіч знаходзіцца больш за 3,5 гады. Яго затрымалі за тры месяцы да прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і прысудзілі 14 год калоніі. У снежні з патрабаваннем вызваліць палітыка і іншых палітвязняў да беларускіх уладаў звярталіся дэпутаты Еўрапарламента.