Навіны

Сустрэчу Юр’я Рубцова з турмы сарвалі

Людзі, якія прыйшлі сустракаць пад ізалятар часовага ўтрыманьня на завулку Акрэсьціна Юр’я Рубцова, не дачакаліся яго ў належны час.

У самім ІЧУ паведамілі, што Рубцова ў іх ужо няма.

Сустрачальнікі маюць дзьве вэрсіі. Або Рубцова вывезьлі, каб пасадзіць на цягнік на вакзале. Або яго адвезьлі ў Савецкі РУУС, каб зноў зьмясьціць у ізалятар — актывісту пагражае справа за абразу судзьдзі.

20:20 Даведацца, дзе цяпер знаходзіцца Юры Рубцоў, актывістам пакуль не ўдалося.

На вакзале яго ня бачылі. Дзяжурны Савецкага РУУС сказаў, што да іх Рубцова не прывозілі.

Разам з тым адвакатка сказала, што рэчы Рубцова маглі завезьці ў Заводзкі РУУС. Аднак, паводле яе слоў, яшчэ ўчора справы супраць Рубцова не было заведзена і яго няма падстаў затрымліваць. Актывісты ж працягваюць пошукі і кажуць, што практыка паказвае, што ўчора справы не было, а сёньня маглі завесьці і затрымаць.

Сам Юры Рубцоў на сувязь таксама не выходзіў.

22:50 Як павадаміла праваабаронца Ганна Шапуцька, Юры Рубцоў выйшаў зь ёй на сувязь і коратка паведаміў, што ўжо едзе рэйсавым аўтобусам дадому ў Гомель.

Радыё Свабода