"Свабода х 2" – акцыя салідарнасці ў польскім горадзе Катавіцэ
У межах кампаніі “Свабода х 2” офіс еўрадэпутата Марэка Мігальскага арганізаваў акцыю салідарнасці са Змітром Дашкевічам і Мікалаем Статкевічам.
Мерапрыемства прайшло ў гонар Міжнароднага дня правоў чалавека перад рэктаратам Сілезскага універсітэта ў горадзе Катавіцэ.
У акцыі ўдзельнічала больш за 100 чалавек. Студэнты актыўна далучыліся да кампаніі – фатаграфаваліся з партрэтамі палітзняволеных для фотапетыцыі, цікавіліся сітуацыяй беларускіх апазіцыянераў. Калаж фотаздымкаў з сённяшняй акцыі будзе выкарыстаны для стварэння паштовак, якія будуць высланы беларускім палітычным зняволеным і іх сем\’ям, паведамляе офіс еўрадэпутата.
Нагадваем, што Марэк Мігальскі ініцыяваў кампанію “Свабода х 2” у канцы кастрычніка гэтага года.
“Свабода x 2” – гэта акцыя салідарнасці з двума беларускімі палітвязнямі – кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2010 года Мікалаем Статкевічам і лідэрам “Маладога Фронту” Змітром Дашкевічам.
У межах кампаніі быў створаны сайт www.2free.eu, на якім можна знайсці інфармацыю аб сітуацыі Змітра Дашкевіча і Мікалая Статкевіча, аб дзеяннях, якія еўрадэпутат прадпрымае, а таксама акцыях, арганізаваных нашым офісам. На сайце мы размясцілі петыцыю да кіраўнікоў краін-членаў ЕС, каб яны бесперапынна нагадвалі пра тых беларускіх вязняў сумлення, якіх пераследуюць, прыгнятаюць і з якімі жорстка абыходзяцца ў калоніях. Петыцыю можна падпісаць на сайце www.change.org/freedomx2.
Фотаздымкі са старонкі кампаніі ў Фэйсбуку: https://www.facebook.com/FreedomX2/photos_stream