«Свабода не бывае на халяву», — Статкевіч пра хапуны на мірных пратэстах і альтэрнатыву дэманстрацыям
На мірных вулічных акцыях 12 чэрвеня ў шэрагу гарадоў Расеі было затрымана больш за 1500 чалавек. Нягледзячы на фактычны дазвол «маўклівага пратэсту» ў Маскве, паліцыя ўчыніла хапун, ужывала гвалт супраць пратэстоўцаў. На мірным вулічным пратэсьце 25 сакавіка ў Менску таксама быў хапун; затрымлівалі нават тых, каго міліцыя прапусьціла да месца пачатку сходу праз мэталяшукальнікі.
Пры гэтым палітык Мікола Статкевіч не перастае заклікаць выходзіць на несанкцыянаваныя ўладамі акцыі, у тым ліку на дзяржаўныя сьвяты.
«Ці варта ісьці на акцыю?» Статкевіч разумее як «Ці варта змагацца за свабоду?»
Ці бясьпечна будзе ў Беларусі праводзіць мірныя сходы, нават дазволеныя ўладамі, а тым болей несанкцыянаваныя?
«Пытаньне дзіўнае, — кажа Статкевіч Свабодзе. — У несвабодных краінах барацьба за свабоду заўсёды ёсьць справай рызыкоўнай. Я думаю, хутчэй кіраўніцтва Расеі вучыцца ў кіраўніцтва Беларусі, як змагацца супраць апазыцыі. На хаду падноскі рвуць: не пасьпелі нашы зрабіць сыстэму прэвэнтыўных затрыманьняў лідэраў плянаваных акцыяў, як гэты досьвед быў пераняты ў Расеі.
У Расеі, мабыць, пасьля 25 сакавіка варта было пытацца, ці бясьпечна там праводзіць. Мабыць, тое і пыталіся, і вырашылі, што небясьпечна, але выйшлі. І нам трэба выходзіць — змагацца за свабоду бяз рызыкі не атрымаецца. Вашае пытаньне гучыць як „ці варта змагацца за свабоду“, я так яго ўспрымаю.
Улады вучацца адна ў адной, але і дэмакратычныя сілы вучацца: вырашылі скарыстаць гэтую ідэю скарыстоўваць даты афіцыйных сьвяткаваньняў. Улады вучацца, але не ўсяму — надалі гэтай акцыі іншае гучаньне, мабыць, і больш гучнае. Шмат хто ў Расеі пабачыў уладу ў зусім не прывабным выглядзе».
«Дэманстрацыі паводле сцэнару ўладаў задавольваюць улады, але ня мэту пратэсту»
Ад ідэі акцыі пратэсту на 3 ліпеня, у беларускі Дзень Рэспублікі, Статкевіч не адмаўляецца (пытае, з чаго б?). На пытаньне, ці ёсьць рэцэпт, як пазьбегнуць масавых затрыманьняў на такіх акцыях (напрыклад, праводзіць толькі дазволеныя ўладамі шэсьці на плошчу Бангалор), Статкевіч разважае:
«Кожная акцыя мае свае мэты. Калі мы праводзім дэманстрацыю, мы павінны дэманстраваць уладзе і грамадзтву сваю сілу, волю, нязгоду, рашучасьць.
Калі мы пагаджаемся на тое, што прапануе нам улада; зьбіраемся ў яме пад кінатэатрам „Кастрычнік“, калі пад нагамі міліцыянтаў прамаўляюць аратары, а потым кароткі час ідуць па вузкім тратуары, спыняючыся на сьвятлафорах, то гэта дэманстрацыя чаго заўгодна, толькі ня тых якасьцяў, якія я назваў. Гэта дэманстрацыя нерашучасьці, баязьлівасьці арганізатараў, слабасьці.
Такія дэманстрацыі задавальняюць улады, але ці могуць яны задавальняць тых, хто хоча свабоды? На вашае пытаньне адказана ўжо даўно, мо некалькі стагодзьдзяў таму: свабода не бывае на халяву. Як бы нам не хацелася, якія б рэцэпты не прапаноўвалі.
Я шмат сустракаю рэцэптаў. Ды мне ледзьве ня кожны дзень шлюць рэцэпты! Яны ўсе адны і тыя ж: давайце подпісы зьбярэм за імпічмэнт, давайце памяняем законы, давайце ў міжнародны суд падамо… Усё зразумела, што неахвота, страшна выходзіць насуперак уладам. Але калі мы не прадэманструем сваю волю, гэта будзе працягвацца — і скончыцца вельмі сумна, выміраючай тэрыторыяй».
«Альтэрнатывы мірным пратэстам няма: пачаць страляць вельмі лёгка, а спыніцца цяжка»
«Іншага выйсьця быць проста ня можа. Кіньце дурное, кіньце сябе суцяшаць і шукаць нейкія лёгкія бясьпечныя шляхі. Уявіце людзей, якія ўхапіліся за гэтую ўладу, нарабілі там злачынстваў, рукі ў крыві — яны наркаманы ўжо! Уявіце, як вы бясьпечна на іх паўплываеце, каб яны самі бясьпечна адмовіліся ад улады. Так не бывае. Толькі моцны рашучы ціск, які прывядзе да таго, што пад ім усё захістаецца, і, каб ня ляснуцца зьверху, магчыма, чалавек вырашыць, што лепш пайсьці на нейкія саступкі.
Безумоўна, ёсьць яшчэ выйсьце, але яно не для нас, я думаю. Тое, як любяць цытаваць Жырыноўскага пра снайпэра і гэтак далей… Але пачаць страляць вельмі лёгка, а спыніцца цяжка. І калі ўлічыць геапалітычныя абставіны, мы можам проста страціць сваю дзяржаву.
Таму, калі хочам мірных пераменаў, трэба запасьціся мужнасьцю, сілай і цярпеньнем. І выходзіць — іншага выйсьця няма».