Асабістая думка

Беларускія і расейскія пратэсты: падабенствы і адрозненні

Услед за пратэстнай вясной у Беларусі у Расеі таксама распачаліся пратэсты. Па некаторых звестках, учора ў Маскве было затрымана каля 900 чалавек.

Мікалай Статкевіч: Калі казаць пра адрозненні акцый у Беларусі і Расеі, то яны, безумоўна, ёсць. Па-першае, расейская вярхоўная ўлада ўсё-такі карыстаецца большай падтрымкай насельніцтва. Прычыны таму – знешнія, найперш яны звязаны з дзеяннямі Пуціна ва Украіне. У Беларусі такой сітуацыі няма. Таксама адрозненне ў тым, што ў Расеі дагэтуль больш свабоды. Амаль паўсюль акцыі там былі ўзгоднены, а ў нас, калі і дазваляюць сабрацца, то на нейкіх задворках. Нават на плошчы Бангалор не заўсёды можна правесці мерапрыемства. Акрамя таго, у Расеі значны сектар эканомікі належыць прыватнаму бізнесу, а не дзяржаве, а таму там ёсць пэўныя грошы. У тым ліку, і ў альтэрнатыўных сілаў. Гэта дазваляе весці добрыя інфармацыйныя кампаніі – здымаць фільмы і нават атрымліваць ад пэўнай аўдыторыі рэкламныя грошы.

РР: А ў чым вы бачыце падабенства пратэстаў?

Мікалай Статкевіч: У тым, што кіраўнікі краін ужываюць аднолькавыя рэпрэсіўныя метады і нават вучацца ў гэтым плане адзін у аднаго. Пры гэтым вучоба праходзіць у экспрэс-рэжыме. Напрыклад, у Беларусі пачалі досыць шырока ўжываць прэвентыўныя арышты напярэдадні акцый, і тое самае зараз мы бачым у Расеі. Масавыя арышты ўдзельнікаў таксама падобныя. У Маскве затрымалі ўчора каля 900 чалавек, прыкладна столькі ж было затрыманы і ў Менску падчас Дня волі 25 сакавіка. Але вучацца ў нас не толькі ўлады суседняй краіны, але і дэмакратычныя сілы. Некалькі месяцаў таму я агучыў ідэю праводзіць пратэстныя акцыі падчас афіцыйных святаў, і зараз тое самае ўзяла на ўзбраенне апазіцыя ў Расеі. Таму, як бачым, у нас ёсць і адрозненні, і падабенствы.

Кастусь ЗаблоцкіБеларускае Радыё Рацыя