Навіны

Сядзеньне ў горацкай калёніі Парфянкоў пачаў з карцэру

На волі атрымалі першы ліст ад палітвязьня Васіля Парфянкова, які адбывае год зьняволеньня ў калёніі № 9 у Горках.

Паводле зьвестак ад Васіля Парфянкова, ён ужо адбыў некалькі дзён у ШЫЗА, бо адразу на яго пачалі «навешваць парушэньні», паведаміла карэспандэнту Свабоды грамадзкая актывістка, рэжысэр Вольга Мікалайчык.

«Мяркую, ён адбыў у ШЫЗА дзён 10, бо трапіў у горацкую калёнію 12 лютага і толькі 28 напісаў, што выйшаў з ШЫЗА. Напісаў яшчэ, што адразу яго пачалі „пляжыць“, ужо мае 4 парушэньні рэжыму. Сярод іх — адмова ад пазачарговага дзяжурства ці сон у неналежны час, у тым ліку ў ШЫЗА. Але напісаў, што не скарыўся. „Нават калі ты адзін, то ты ня нуль“, — перакананы Васіль Парфянкоў», — кажа Вольга Мікалайчык.

Васіль Парфянкоў перадаў на волю віншаваньні жанчынам з 8 сакавіка і падзякаваў усім, хто яго падтрымлівае ў гэты складаны для яго пэрыяд.

Былы абаронца Курапатаў і ўдзельнік мітынгу пратэсту 19 сьнежня 2010 году Васіль Парфянкоў асуджаны на год калёніі за парушэньні правілаў прэвэнтыўнага нагляду. Прэвэнтыўны нагляд на Васіля Парфянкова наклалі пасьля некалькіх затрыманьняў на акцыях салідарнасьці з палітвязьнямі цягам 2011–2013 гадоў.

Алег ГрузьдзіловічРадыё Свабода