Сяргей Кунцэвіч: Беларускіх патрыётаў збіваюць на вачах адвакатаў

Паведамленне паплечніка Мікалая Статкевіча аб катаваннях дапамаглі запусціць праваабарончую кампанію.

«Мяне білі чацвёра перад адвакатам, заломлівалі рукі, білі каленам у сонечнае спляценне», – распавёў Сяргей Кунцэвіч, які на днях быў вызвалены з-за кратаў СІЗА КДБ, паведамляе «Белсат».

Паплечнік Статкевіча паказаў яшчэ свежыя сінякі. Ён называе ўмовы, што там пануюць, гулагаўскімі і закліканымі прынізіць чалавека. Менавіта ягоныя паведамленні пра жудасныя катаванні ў засценках Следчага ізалятару сталіся падставаю звароту 9-ці праваабарончых арганізацыяў.

«Мы сурʼёзна занепакоеныя становішчам усіх астатніх фігурантаў, і таму ў мэтах прадухілення магчымых катаванняў гэтых людзей мы патрабуем змяніць ім меру стрымання на не звязаную з арыштам», – зазначыў праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

За кратамі застаюцца 14 фігурантаў

Іх вінавацяць у незаконным захоўванні зброі ды масавых закалотах. Што праўда, зброя, што паказалі ў сюжэце па СТВ, – для гульні ў страйкбол. А абвінавачанне, на меркаванне незалежнай супольнасці, сфабрыкаванае. У той час як у засценках КДБ у дачыненні фігуранта справы ўжываліся сапраўдныя катаванні.

«Доўгім, працяглым электратокам мяне трымалі і сказалі, каб я сказаў, дзе знаходзіцца Мікалай Статкевіч», – узгадвае Кунцэвіч

Хартыя97