Сяргей Скрабец: Мікалая Статкевіча ў турме падвяргаюць катаванням
Палітзняволены знаходзіцца ў адзіночнай камеры, дзе няма святла і свежага паветра.
Пра гэта заявіў сакратар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Сяргей Скрабец на прэс-канферэнцыі ў Менску, паведамляе «Радыё Рацыя».
«Мікалай Статкевіч не проста знаходзіцца за кратамі, яго падвяргаюць катаванням. Ён утрымліваецца ў адзіночнай камеры, дзе няма святла, няма свежага паветра, няма доступу да інфармацыі. І гэта прадаўжаецца больш за тры гады», – заявіў ён.
Таксама Сяргей Скрабец выказаў абурэнне дзеяннямі некаторых прадстаўнікоў Еўрапейскага Звязу, якія, на ягоную думку, спрабуюць легітымізаваць Лукашэнку і не заўважаюць праблему наяўнасці палітвязняў.
«Што еўрапейскія палітыкі будуць тлумачыць сваім выбаршчыкам у Нямеччыне ці Францыі? Што палітыкі, якія ўдзельнічалі ў выбарах, павінны ў турме сядзець і чакаць новых выбараў? – спытаў ён.
Мікалай Статкевіч – адзіны кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года, які дагэтуль знаходзіцца ў зняволенні. У траўні 2011-га ён быў прысуджаны да шасці гадоў пазбаўлення волі паводле абвінавачвання ў арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень прэзідэнцкіх выбараў. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Статкевіча палітычным зняволеным.
Першапачаткова асуджаны палітык адбываў пакаранне ў шклоўскай калоніі №17, аднак у студзені 2012-га яму зрабілі больш жорсткімі ўмовы і перавялі ў магілёўскую турму №4 на тры гады. Пасля сканчэння гэтага тэрміну, 12 студзеня гэтага года, Статкевіча вярнулі ў шклоўскую калонію, дзе ў першыя ж два дні ў дачыненні да палітыка склалі два рапарты аб парушэнні правілаў унутранага распарадку. Цяпер палітыку пагражае новы турэмны тэрмін.
4 траўня на пасяджэнні суда ў шклоўскай папраўчай калоніі №17, дзе ўтрымліваўся Мікалай Статкевіч, была прынятая пастанова аб ягоным пераводзе на турэмны рэжым да канца тэрміну пакарання (1 год 7 месяцаў 15 дзён). А 6 траўня палітык быў этапаваны ў турму №4 горада Магілёва.