Ініцыятыўная група Статкевіча заклікала зняцца з «выбараў» усіх кандыдатаў

Ініцыятыўная група па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты Беларусі Мікалая Статкевіча заклікае ўсіх патэнцыйных кандыдатаў зняцца з выбарчай гонкі.

Пра гэта было заяўлена 28 ліпеня на прэс-канферэнцыі прадстаўнікоў групы ў Менску, піша БелаПАН.

«Я спадзяюся на тое, ёсць яшчэ час і магчымасць, што тыя заклікі, з якімі мы звяртаемся да ўдзельнікаў гэтай палітычнай кампаніі, будуць пачутыя. Мы заклікаем зняцца і пакінуць дзейнага кіраўніка краіны танцаваць казацкія танцы. І тады ўзнікнуць сур\’ёзныя пытанні перад тымі людзьмі, якія прыязджаюць на перамовы аб прызнанні гэтых выбараў. Гэтыя выбары вельмі шмат значаць для далейшага лёсу Беларусі», – заявіў на прэс-канферэнцыі Уладзімір Някляеў.

Раней у адным з турэмных лістоў Мікалай Статкевіч заявіў, што даў згоду на фармаванне ініцыятыўнай групы па вылучэнні яго кандыдатам у прэзідэнты. «А пасля гарантаванай адмовы ў яе рэгістрацыі абвясціць байкот», – напісаў палітык.