Сястра ўкраінскай лётчыцы: «Не таго ўзялі, рабяты» (+ відэа)
Вера Саўчанка, сястра зьняволенай у Расеі ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі, распавяла Радыё Свабода аб стане Надзеі, якая трымае галадоўку больш за два месяцы, і заклікала расейскія ўлады неадкладна яе вызваліць.
РС: Калі вы апошні раз бачыліся з сястрой, у якім яна цяпер знаходзіцца стане?
Вера Саўчанка: Учора, 18-га чысла, бачылася зь сястрой 8 хвілінаў. Яна схуднела яшчэ больш ад суду, які быў нядаўна. Яе голад — гэта ня блеф, яна сапраўды ня есьць. Магчыма цяпер у прэсе пішуць, што ёй даюць вітаміны, якія замяняюць усю ежу… Вы самі падумайце, ці магчыма
вітамінамі замяніць усю ежу. Чалавек губляе ў масе вельмі хутка, таму што рэсурс скончыўся. Страта масы цела 28 адсоткаў. Крытычная — гэта 30 адсоткаў. Гэта значыць, ёсьць яшчэ тыдні паўтары.
РС: У вас узьнікаюць праблемы, калі вы падаеце заяўку на сустрэчу з ёй?
Вера Саўчанка: Гэта ўсё складана. Ты прылятаеш а 6-й раніцы, і да 4-й дня бегаеш па нейкіх інстанцыях, грукаеш у дзьверы, тэлефануеш. Там далі, а там — «нельга». То бок, гэта ўсё доўга і складана. Ня тое, што я ўзяла і стаю ў чарзе спакойна, не. Ты ўзяла, паказваеш гэты дазвол, а табе забараняюць.
РС: Што Надзея кажа пра сваю справу?
Вера Саўчанка: Пра яе ўжо, па-мойму, усё сказана. Мы простыя людзі, мы не палітыкі, мы адзінкі з народу. Простыя людзі ня ўмеюць хлусіць. Калі яны ў нечым вінаватыя, хто-небудзь нешта скраў, то яны ня здольныя так абараняцца. Так абараняюцца толькі невінаватыя.
РС: Якія доказы таго, што Надзея не вінаватая?
Вера Саўчанка: Усе яны працэсуальна перададзеныя Сьледчаму камітэту Расейскай Фэдэрацыі. Гэта і паказаньні сьведак, і тых пацярпелых хлопцаў, якіх бралі ў палон. Я падкрэсьліваю слова — пацярпелых. Гэта не яны стралялі, а ў іх. Калі гэтага недастаткова, ня хочуць верыць гэтым людзям, то ёсьць мэханічныя доказы, білінг тэлефонаў, якія і Сьледчым камітэтам устаноўленыя, тэлефоны журналістаў Карнелюка і Валошына, украінскія нумары. І ўсё супадае. Людзі былі ў палоне ўжо гадзіну, толькі тады загінулі журналісты. Сьледчаму камітэту даўно вядома, хто абстрэльваў, зь якога боку ляцелі гэтыя снарады. Толькі ўсё, пункт невяртаньня ўжо пройдзены, трэба неяк абараняць гонар мундзіра, вэртыкалі ўлады Расейскай Фэдэрацыі. Хай думаюць, як гэта зрабіць.
РС: Вы кажаце, што яна губляе ў вазе, яна ўсё-такі пры гэтым на судзе апошнім трымалася даволі бадзёра і добра, яна супакойвала маму і вас. Раскажыце пра тое, як праходзіць яе жыцьцё ў турме?
Вера Саўчанка: Калі чалавек галадае, спальваюцца вугляводы, усё, што ёсьць у тлушчах, потым спальваецца арганізм. Але арганізм можа павольна спальвацца, калі галадаюць, скажам, ёгі. Яны настроены пазытыўна. Чалавек, які жыве ў стрэсе, ён спальвае мінімум 500 кілякалёрый на дзень і не атрымлівае іх. Жанчыны павінны атрымліваць як мінімум 1500 кілякалёрый, а мужчыны больш. А яна іх не атрымлівае. Гэта вельмі хутка вядзе да гібелі арганізму. Плюс яе марозіць. І слабасьць. Гэта сьведчаньне таго, што шчытападобная залоза не выпрацоўвае Т3 — гэта тое рэчыва, якое адказвае за дастаўку крыві ў органы. Гэта значыць, органы абяскроўліваюцца, кроў ня ходзіць па арганізьме, чалавеку холадна. Тое, як яна паводзіла сябе ў судзе, гэта сьведчаньне таго, што ў кропельніцу нешта дадалі. Магчыма, гэта стрэс. І адрэналін. Чалавек узбуджаны, ці нешта дадалі, каб чалавек быў больш жывы, дадалі адрэналіну, які таксама зношваецца ў арганізьме ў такім стане ў два разы хутчэй. Таму, калі яны загубяць гэтага чалавека, яны могуць разьвітацца са сваёй краінай.
РС: Калі вы сустракаецеся зь ёю, Надзея паводзіць сябе ня так актыўна, як гэта было на судзе?
Вера Саўчанка: Не, ня так актыўна. Спакойнае становішча. Яна мяне любіць, я яе люблю, няма чаго нэрвавацца. Зьнешніх раздражняльнікаў на судзе куды больш, усе гэтыя ланцуговыя сабакі, і спакойны адзіны сабака, які сьпіць. Усе астатнія сабакі-мужчыны, вядома, раздражняюць. Звычайна Надзя спакойная.
РС: Яна ня скардзілася на ўмовы ўтрыманьня?
Вера Саўчанка: Калі я першы раз яе ўбачыла, я ня вытрымала. Яна была ў вельмі жудасным стане. Цяпер лепей, у яе скура куды лепш выглядае — безь язваў і без парэпінаў да крыві. Таму што скура была вельмі сухая.
Цяпер лепш. Тут ёсьць душ і цёплая вада, яе ня так даўно перавялі ў лепшыя ўмовы. Там была халодная, і душ раз на тыдзень. Вось 8 месяцаў памыйцеся раз на тыдзень халодным душам у зімовых ўмовах… Там не курорт, там дрэнна ацяпляюць. Таму, не таго узялі, рабяты. Яна ўжо не зламаецца. Фізычна чалавека можна забіць, маральна ўжо ніяк. Таму давайце неяк задні ход уключайце прыгожа. А мы вам дапаможам, калі трэба.
РС: Вы кажаце, што ёй засталося літаральна паўтары тыдні. Мы ведаем пра тое, што яе стан пагаршаецца. Яна заявіла аб тым, што яна будзе стаяць да канца. Вы не баіцеся, што гэта скончыцца вельмі трагічна?
Вера Саўчанка: Я з уласнай волі сноўдаю па сьвеце туды-сюды, праводзячы час у кампаніі эўрапарламэнтарыяў і дэлегатаў. Я раблю ўсё, што магу. Я не блефую, яна тым больш. Яе словы: «Да апошняга дня жыцьця ў Расеі або да вяртаньня ва Ўкраіну». Тады чалавек пачне прымаць ежу. Ёсьць варыянт у амбасадзе — кавалак украінскай зямлі на тэрыторыі Расеі. Калі ласка, замяніце меру стрыманьня на судзе, адпусьціце. Калі вельмі трэба, я з задавальненьнем сяду да вас у СІЗА, пасяджу да суду, колькі трэба. Ёсьць рашэньне праблемы. Паўтаруся: не таго ўзялі, ня тую справу пачалі і наогул ня супраць той краіны пайшлі. Давайце заканчваць з бязглузьдзіцай, таму што законы не пісаныя гэтай дзяржаве.