Навіны

Як былы палітвязень спрабуе аднавіць свой бізнэс

Былы палітвязень Мікалай Аўтуховіч, адбыўшы турэмнае пакараньне, узяўся аднаўляць фірму таксі ў сваім родным Ваўкавыску.
 
Але чым больш уласнае працы ўкладвае ў справу, тым з большым супрацівам звонку сутыкаецца.
 

Пачаў з таго, што закасаў рукавы і рамантаваў аўта

Мікола Аўтуховіч працуе звычайным мэханікам у прыватнай фірме таксі, куды аддала свае аўта ў арэнду ягоная жонка. Кіраўнічых пасадаў, паводле прысуду, ён яшчэ некалькі гадоў займаць ня можа. Вярнуўшыся зь вязьніцы, пабачыў, што ад некалі шыкоўнай фірмы таксі з 15 белых мэрсэдэсаў у ягонай жонкі ва ўласнасьці засталася адна машына, на якой можна было ехаць адразу, а другая ржавела пад плотам.

— Вось з гэтага і давялося самому ўсё пачынаць нанова, — кажа Аўтуховіч. — Я сам закасаў рукавы, бо мне ж не было нават з чаго заплаціць майстрам. Калі і быў у мяне памочнік, то я ведаў, што зараз назьбіраем мэталалому, здамо, і за месяц яму хопіць заплаціць.

Цікаўлюся ў Мікалая — ці шмат давялося зрабіць зь мінулага траўня, калі ён узяўся за працу?

— Сёньня на фірме працуе ўжо сем таксовак. Ну вось аднавілі ўжо чатыры свае машыны, і тры найманыя пакуль маем. Але машыны ўжо набылі больш-менш добры выгляд: іх пачалі мыць кожную раніцу, пачалі падмазваць іржу, цяпер ужо даходзім да таго, што кожную машыну пачнём фарбаваць, бо белыя таксоўкі, тым больш ня новыя, хочаш ня хочаш, а раз на тры гады трэба фарбаваць. І хоць яны старыя, але ўжо будуць езьдзіць як новенькія.

Аўтуховіч рыхтуе да працы чарговае аўта

Аўтуховіч рыхтуе да працы чарговае аўта 

Не без задавальненьня Аўтуховіч зьвяртае ўвагу на тое, як аздоблены машыны.

— Мы зноў намалявалі герб Ваўкавыску гістарычны, каб людзі бачылі і ведалі. Крыху зьмянілі надпісы: «Ваўкавыск» — напісалі на роднай мове, і назву фірмы таксама па-беларуску — «Ніка», усе рэквізыты па-беларуску. А яшчэ ёсьць шмат пустога месца, то плянуем пісаць імёны вядомых беларусаў, пачынаючы з часоў Вялікага Княства Літоўскага.

Мы адраджаем для вас традыцыі абслугоўваньня

За гэты час, паводле Аўтуховіча, удалося ня толькі надаць таксоўкам належны выгляд, але і зьмяніць кіроўцаў, якія не падзялялі асноўныя прынцыпы фірмы: мы адраджаем для вас традыцыі абслугоўваньня. Пасажыры не чакаюць таксоўкі цяпер па выкліку больш за 3–5 хвілін, ім прыемна сядаць у чысты салён са сьвежым водарам, дзе ніхто ня курыць. Колішнюю фірму таксовак кліенты не забылі і ўзгадваюць пра яе з прыемнасьцю.

Дэвіз фірмы: мы адраджаем для вас традыцыі абслугоўваньня

Дэвіз фірмы: мы адраджаем для вас традыцыі абслугоўваньня

Праўда, у той самы час Аўтуховіч скардзіцца, што зака́заў на таксоўкі цяпер зусім мала нават у сьвяточныя дні, нягледзячы на тое, што паціснулі канкурэнтаў. Прычына, паводле Аўтуховіча — зьбядненьне людзей. А таму і ў таксістаў малыя заробкі.

Мне цікава — як утрымліваць на працы таксіста, патрабуючы ад яго эўрапейскага сэрвісу, але плацячы беларускі заробак?

— Калі не патрабаваць і не выходзіць на адпаведны ўзровень і не забіраць сваіх кліентаў ізноў да сябе, то кіроўцы ня мелі б нават і таго мінімальнага заробку, які цяпер ёсьць. Тады наагул не было б сэнсу працаваць. Я вось, калі новы таксомэтар атрымліваю, то бачу, як прадпрымальнікі іх здаюць. Бо мала таго, што мы прыйшлі на рынак, але і людзі амаль ня езьдзяць цяпер на таксоўках.

«Калі чынавенскае самаўпраўства ня скончыцца, працу спыню, няхай самі Лукашэнку падаткі плацяць…»

Не пасьпелі пачаць працаваць, як на фірму зачасьцілі рознага кшталту правяральшчыкі і кантралёры. Транспартная інспэкцыя запатрабавала, каб зьнялі з таксовак фірмовыя пляфоны, якія стаяць на даху машыны, сьвецяцца ўначы і на якіх напісана назва фірмы і тэлефон. Аўтуховіч прад’явіў усе дакумэнты на дазвол, якіх дамагаўся на працягу чатырох гадоў, але гэта правяральшчыкаў не задаволіла. Яны працягваюць палохаць, што выпішуць штраф.

Так выглядаюць таксоўкі, якія езьдзяць на выклік пасажыраў, з новымі надпісамі на беларускай мове

Так выглядаюць таксоўкі, якія езьдзяць на выклік пасажыраў, з новымі надпісамі на беларускай мове

Наступнымі прыехалі правяральшчыкі з санэпідэмстанцыі і пачалі чапляцца, каб вадзіцелі прад’явілі мэдычныя даведкі. Аўтуховіч кажа, што напісаў ім адказ з цытатамі з пастановы Лукашэнкі адносна гэтых патрабаваньняў. У лісьце гаварылася, што гэтыя даведкі патрэбныя толькі тым, хто зьвязаны з абслугоўваньнем пасажыраў на транспарце, прыкладам, для стуардэсаў, — а мы, маўляў, займаемся толькі перавозкай пасажыраў. Але на гэта, паводле Аўтуховіча, ніхто не зважае.

— Гэта папросту нейкае самаўпраўства зь іх боку. Яны прыходзяць да кіроўцы таксоўкі, прычым з інспэктарам транспартнай інспэкцыі, і патрабуюць гэтыя мэдычныя даведкі. Я ўсім сваім кіроўцам і нават канкурэнтам раздрукаваў улёткі, дзе напісана, якія дакумэнты павінен прад’яўляць кіроўца таксі кантралюючым органам. І там такога пункту, як гэтая мэдычная даведка, наагул няма.

Чарговы прыезд — ізноў з транспартнай інспэкцыі: цяпер палохаюць тым, што людзі на рабочым месцы працуюць больш як па 12 гадзін у суткі. А што і каго чакаць заўтра, як кажа Аўтуховіч, наагул невядома.

— Мне прасьцей зачыніцца, чым працаваць. Я казаў транспартнай інспэкцыі: калі вы такія разумныя, то плаціце самі падаткі Лукашэнку, а мне лепей зачыніць гэтую фірму і не працаваць на гэтыя неймаверныя штрафы, бо грошай і так не застаецца. Гэта ўжо папросту нейкая агонія. Яны дзяруць тых, у каго хоць нейкія грошы яшчэ ёсьць, бо казна пустая. І яны як тыя апрычнікі: уперад — і пайшлі зьбіраць грошы. Ім жа даводзяць нейкія пляны. Краіна жыве за кошт таго, што нехта яшчэ плаціць гэтыя штрафы.

Цяпер, лічыць Аўтуховіч, у Беларусі немагчыма разьвіваць ніякі бізнэс, галоўнае, каб хоць захаваць тое, што ёсьць.

Пра асабістае жыцьцё ён распавядае скупа. Да 8 жніўня застаецца пад прэвэнтыўным наглядам міліцыі: прыяжджаюць правяраць уначы, ці ён дома, і трэба хадзіць у пастарунак адзначацца. Выехаць за мяжу, каб паправіць здароўе, пакуль магчымасьці няма.

Міхал Карневіч, Радыё Свабода