Тэма вылучэння адзінага кандыдата фактычна зачынена
1 снежня прайшлі кансультацыі прадстаўнікоў сямі дэмакратычных арганізацый: Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада”, руху “За Свабоду”, Аб\’яднанай грамадзянскай партыі, Партыі БНФ, кампаніі “Гавары праўду”, аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”.
“Прадстаўнікі АГП і “Справядлівага свету” пацвердзілі свае пазіцыі аб тым, што яны не бачаць сёння магчымасці для вылучэння адзінага кандыдата”, — сказаў Губарэвіч. Разам з тым, зазначыў ён, пяць арганізацый, якія падпісалі пагадненне аб працэдуры вылучэння адзінага кандыдата, “пакідаюць для дзвюх структур магчымасць нейкім чынам працягнуць сумесны працэс”.
“Калі яны будуць гатовыя сфармуляваць свае прапановы і далучыцца да працэсу вылучэння адзінага кандыдата, мы іх разгледзім”, — сказаў Губарэвіч.
Нагадаем, аб падпісанні дакумента аб працэдуры выбрання адзінага кандыдата заявілі БСДП (Грамада), рух “За Свабоду”, кампанія “Гавары праўду”, Партыя БНФ і аргкамітэт БХД.
У перамовах аб выбранні адзінага кандыдата ў прэзідэнты ад апазіцыі бяруць удзел яшчэ дзве структуры: “Справядлівы свет” і АГП. Аргументам АГП аб нежаданні далучыцца да працэдуры стала адсутнасць канкрэтных асоб, якія маюць намер вылучацца кандыдатамі ў прэзідэнты. Пры гэтым сама партыя яшчэ ў маі заявіла пра тое, што яе лідар будзе браць удзел у выбарах.