Толькі паспрабуйце! Статкевіч збірае пратэст і папярэджвае Расею
8-га верасня, 19-я гадзіна, Кастрычніцкая плошча, Менск. Беларускі нацыянальны кангрэс апублікаваў анонс акцыі папярэджання, запланаванай на гэтую пятніцу.
«Дэвіз акцыі – «Вызвалім краіну з-пад унутранай акупацыі, не дапусцім знешняй агрэсіі». Так што адрасаты акцыі папярэджання тут ужо вядомыя – гэта найперш беларуская ўлада, якая прывыкла гандляваць нашай краінай. І мы папярэджваем яе ад здрадніцкіх крокаў», – заявіў палітык Мікола Статкевіч.
Папярэджанне Крамлю
Арганізатары акцыі звяртаюць увагу на тое, што вучэнні «Захад-2017» ідуць у брыво беларускай Канстытуцыі, паводле якой нашая краіна імкнецца да нейтралітэту, а не да разгортвання на сваёй тэрыторыі войскаў усходняга суседа, які ўжо ваюе з суседам паўднёвым ды паглыбляе канфлікт з суседзямі заходнімі.
«Мы папярэджваем тыя сілы, якія ёсць і якія хочуць, каб Беларусь перастала быць незалежнай, каб яна стала ці губерняй, ці аўтаномнай рэспублікай у складзе Расейскай федэрацыі, – каб яны ведалі, што нашую незалежнасць і нашую свабоду ёсць каму бараніць», – зазначыў палітык Уладзімір Някляеў.
Арганізатары раяць прыходзіць на акцыю з боку ГУМу, каб у выпадку перашкодаў з боку ўладаў не застацца раз’яднанымі. Пасля ж мітынгу на Кастрычніцкай плошчы плануецца шэсце да плошчы Перамогі ды ўскладання кветак як знак пашаны да ўсіх абаронцаў Айчыны.
«У нашага народу ёсць традыцыі знясільваць і прымушаць прайграваць і такую сілу – я маю на ўвазе партызанскія традыцыі. Мы гэта паказваем і паказваем, што ёсць людзі, здольныя на гэта. Нават калі гэта будуць сотні людзей – гэтага дастаткова, каб пачаць супраціў, а астатнія падцягнуцца», – дадаў Статкевіч.
Акцыя папярэджання, паводле арганізатараў, праз свой незалежніцкі характар стаіць убаку ад сацыяльна-эканамічных пратэстаў, якія таксама плануюцца на восень.
Ці патрэбная Беларусь, вольная ды незалежная, камусьці яшчэ, дадаюць у Беларускім нацыянальным кангрэсе, пабачым, у тым ліку, ужо ў гэтую пятніцу. А 19-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.
Валеры Руселік, «Белсат»