Тысячы чалавек прыйшлі развітацца з Рыгорам Барадуліным

У Мінску, у Чырвоным касцёле, прайшло развітанне з народным паэтам Беларусі Рыгорам Барадуліным, які памёр вечарам 2 сакавіка.

Каля 9:40 — труну з нябожчыкам занеслі ў храм. Іграе арган, людзі ідуць да труны па цэнтральным праходзе, некалькі жанчын сядзяць і моляцца. У касцёле знаходзіцца некалькі сотняў чалавек, людзі паволі падыходзяць да труны.

З нябожчыкам развітаўся яго сябра, пісьменнік Уладзімір Някляеў. Ад пачатку ў касцёле знаходзяцца пісьменнікі Уладзімір Арлоў,Барыс Пятровіч і Алесь Пашкевіч.

А 10-й ксёндз пачаў чытаць малітву. Пакрысе людзей усё более. Таму ксёндз прапанаваў, каб людзі падыходзілі да труны з двух бакоў.

Тым часам з Барадуліным развіталіся старшыня Беларускага ПЭН-цэнтра Андрэй Хадановіч, галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Віктар Шніп, былы міністр культурыАнатоль Бутэвіч.

А 10:30 — касцёл поўны людзей, людзі шукаюць месца, дзе сесці. Чытаюць псалмы.

З Барадуліным развіталіся першы кіраўнік незалежнай БеларусіСтаніслаў Шушкевіч (менавіта пры ім Рыгор Іванавіч атрымаў званне народнага паэта Беларусі), пісьменнік Віктар Карамазаў, паэт і перакладчык Сяргей Панізнік, старшыня Партыі БНФАляксей Янукевіч.

10:54 – Людзей прыкметна паболела, чарга ад уваходу, уся труна патанае ў кветках.

Прыйшло кіраўніцтва праўладнага саюза пісьменнікаў — паэтГенадзь Пашкоў, першы намеснік Чаргінца, і некалькі яго калег. З Барадуліным развіталася дырэктар Беларускага архіва-музея беларускай літаратуры Ганна Запартыка.

11:15 Прыйшла таксама група мастакоў на чале з кіраўніком Саюза мастакоў Рыгорам Сітніцам. Да храма працягваюць падыходзіць людзі з кветкамі.

Пачынаецца імша. Спярша пройдзе развітальная паніхіда паводле грэка-каталіцкага абраду, бо Барадулін быў уніятам.

А 12.00 пачалася імша паводле рыма-каталіцкага абраду. Увесь храм быў запоўнены вернікамі.

А 13:00. Імша скончылася. З касцёла выходзяць мастак Мікола Купава, пісьменнік Кастусь Цвірка, літаратуразнаўца Ціхан Чарнякевіч. Тым часам на плошчы збіраюцца сотні людзей. Яны жадаюць развітацца з Рыгорам Іванавічам, калі вынясуць яго гроб. У натоўпе заўважаны палітыкі Вінцук Вячорка, Сяргей Калякін, Валерый Шчукін, Пятро Краўчанка, культуролаг Максім Жбанкоў.

13:25. З храма пачынаюць выносіць кветкі і вянкі. Журналіст Глеб Лабадзенка нясе крыж, Уладзімір Някляеў – партрэт Барадуліна. Выносяць труну. Слова бярэ Някляеў, які ў сціслай прамове параўноўвае Рыгора Іванавіча з Коласам, Купалам і Багдановічам.

Барыс Пятровіч кажа, што пахавальную працэсію чакае доўгая дарога (Барадулін знойдзе вечны спачын на Ушацкай зямлі, побач з маці), таму іншых прамоў не будзе. Людзям, якія жадаюць ехаць ва Ушацкі раён, прапануюць садзіцца ў спецыяльны аўтобус.

Чалавек у натоўпе падымае бел-чырвона-белы сцяг. Хтосьці нясмела выгукае «Жыве Беларусь!». Людзі, якія стаяць вакол, яго падтрымліваюць.

Напрыканцы ледзь не адбываецца правакацыя. Нейкая жанчына раптоўна пачынае крычаць па-руску: «Да здравствует Белая Русь! Да здравствует велікая Россія!». Але яе хутка выштурхоўваюць з натоўпу.

Развітацца з Рыгорам Барадуліным прайшло некалькі тысяч беларусаў.

Максім КавальскіНаша Ніва