У Беларусі праходзяць не выбары, а спецаперацыя КДБ

«Выбары» ў Беларусі ўжо трэба ўважаць за сфальсіфікаваныя.

25 верасня на Канферэнцыі АБСЕ ў чалавечым вымярэнні ў Варшаве адбылася рабочая сесія «Беларусь: выбары ў час крызісу правоў чалавека». Дыскусія была арганізаваная сайтам charter97.org пры падтрымцы Вышаградскага фонду і польскага фонду Міжнароднай салідарнасці.

На пасяджэнні сесіі выступілі былы палітвязень, які нядаўна выйшаў на свабоду, кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч, лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, былы кіраўнік МЗС Славаччыны, экспэрт Нямецкага фонду МаршалаПавал Дэмеш, прэзідэнт польскага Інстытута грамадскіх спраў Яцэк Кухарчык, расейскі праваабаронца, кіраўнік арганізацыі Freedom Files Юрый Джыбладзэ, дырэктар славацкага Інстытута грамадскіх праблем Рыгор Месежнікаў. У рабочай сесіі ўзялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў Польшчы, дыпламаты краін Еўразвяза, уключаючы паслоў Нідэрландаў і Швэйцарыі Поля Бекерса і Андрэя Мотыла, праваабаронцы і журналісты.

Адкрываючы сесію, Мікалай Статкевіч заклікаў не прызнаваць вынікі будучых «прэзідэнцкіх выбараў» у Беларусі:

«Цяпер у Беларусі ідзе кампанія, якую чамусьці называюць «выбарамі». Яна ўнікальная нават для такой унікальнай краіны, як Беларусь. Усе ўжо ведаюць, што ў нас не лічаць галасы выбаршчыкаў, але цяпер улады пераўзышлі самі сябе – яны сфальсіфікавалі галасы кандыдатаў. Гэтыя выбары ўжо трэба ўважаць за сфальсіфікаваныя – праведзена вельмі тонкая для Лукашэнкі спецаперацыя, калі для масоўкі спецслужбы вылучылі сваіх кандыдатаў.

Беларускі народ не верыць ні ў якія «выбары». І для мяне дзіўнае жаданне еўрапейскіх чыноўнікаў прызнаць нейкі прагрэс у Беларусі і гуляць у гульні з Лукашэнкам. Па-першае, гэта глупства, бо адарваць Лукашэнку ад Расеі зусім немагчыма. Ягоны рэжым – гэта марыянеткавае ўтварэнне, уся беларуская эканоміка – гэта стратны філіял расейскай эканомікі. Расея можа дамагчыся любых саступак ад Лукашэнкі, падвысіўшы кошты нафты і газу да рынкавых. І мяне вызвалілі з турмы толькі таму, што расейскіх грошай ужо не хапае – дыктатар спрабуе атрымаць крэдыты ад Захаду і заадно прыстрашыць Пуціна і атрымаць дадатковыя сродкі ад яго. Але гэтыя грошы патрэбныя Лукашэнку толькі для таго, каб пазбегнуць рэформаў. Гэты чалавек мяркуе, што ён павінен кантраляваць усё – страціўшы кантроль над эканомікай, ён страціць уладу.

Пазіцыя дэмакратычных сіл Беларусі адназначная і адзіная – мы не ўважаем гэта за выбары. Гэта фарс. Я мяркую, што я годны кандыдат у прэзідэнты Рэспублікі Беларусі. Мае правы былі парушаныя, я пяць гадоў правёў у турме пад моцным ціскам. Я не магу прызнаць гэтыя выбары выбарамі. Прызнанне гэтай кампаніі стане здрадай беларускаму народу.

Я пяць гадоў спрабаваў паказаць палахліваму беларускаму грамадству – ідэалы ёсць, дзеля іх варта ісці на ахвяры! А цяпер еўрапейскія палітыкі чамусьці спрабуюць даказаць беларусам, што Лукашэнка мае рацыю, а Статкевіч не. Але мы будзем змагацца за нашу краіну, мы разумеем, што толькі мы можам зрабіць яе свабоднай і незалежнай, але, калі ласка, не перашкаджайце нам гэта рабіць!»

25 верасня на Канферэнцыі АБСЕ ў чалавечым вымярэнні ў Варшаве адбылася рабочая сесія «Беларусь: выбары ў час крызісу правоў чалавека». 

Андрэй Саннікаў заклікаў падтрымаць імкненне беларусаў да свабоды і незалежнасці, заявіўшы, што ва ўладзе ў краіне сёння знаходзяцца сур\’ёзныя злачынцы:

«Хачу пагадзіцца са словамі Мікалая Статкевіча, сапраўдных прычынах ягонага вызвалення. Прапаганда сцвярджае, што вызваленне палітвязняў – гэта «гуманістычны» жэст дыктатара. Але рэальнай прычынай стаў недахоп грошай. Толькі праз гэта былі выпушчаныя палітычныя зняволеныя. Але існуе небяспека. Цяпер мы чуем, што Лукашэнку трэба «ўзнагародзіць» за вызваленне палітычных зняволеных. Аднак, атрымаўшы жаданае, ён зноў пасадзіць у турмы новых палітвязняў і зноў пачне імі гандляваць.

У Беларусі няма ніякіх «выбараў», няма ніякіх «кандыдатаў» .Тыя «кандыдаты», якія ў іх удзельнічаюць – з\’яўляюцца часткай аднаго і таго ж сцэнару адной і той жа групы, якая называецца спецслужбы ці КДБ. І няма ніякіх прычын прымаць за чыстую манету тое, што адбываецца ў Беларусі – ні да дня «выбараў», ні пасля яго.

Што важна: сітуацыю, у якой цяпер знаходзіцца Беларусь, немагчыма разглядаць асобна. Ва ўсім рэгіёне – дынамічныя змены, прычынай якіх стала Украіна. Тое, што зрабілі ўкраінцы – гэта працяг таго, што пачалі беларусы 19 снежня 2010 г, калі выйшлі на пратэст супраць дыктатара за свабоду. І сёння Украіна нясе гэты факел барацьбы за нашу свабоду.

Без належнага стаўлення да Беларусі немагчыма падтрымаць і імкненне Украіны да незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці. Увесь рэгіён знаходзіцца ў руху, бо хоча быць свабодным. І беларусы не адрозніваюцца ад іншых усходнееўрапейскіх народаў. Мы таксама хочам быць свабоднымі і жыць пры дэмакратыі. Проста неабходна дапамагчы нам гэтага дамагчыся.

Нас часта абвінавачваюць, што апазіцыя разрозненая, што яна не можа аб\’яднацца, але сёння мы аб\’яднаныя. Усе дэмакраты будуць байкатаваць гэтыя «выбары». І гэты крытэр павінен быць асновай для стаўлення міжнароднай супольнасці да Беларусі.

Мы чакаем, што Еўразвяз будзе трымацца сваіх каштоўнасцяў, і стасункі з дыктатарам будзе выбудоўваць на прынцыпах, а не на факце таго, што Беларусь дапамагае экспартаваць папаю і ківі ў Расею.

Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе ўжо 21 год. За гэты час ён і ягоны рэжым учыніў страшныя злачынствы. Учора мы гэта ўжо абмяркоўвалі: выкраданні палітыкаў, забойствы журналістаў.

Ва ўладзе ў Беларусі знаходзяцца сур\’ёзныя злачынцы, якія пачалі свае злачынствы ў 1995 годзе, збіўшы двух амерыканскіх паветраплавальнікаў, потым была знішчаная Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь і гэтак далей.

Усякае прызнанне гэтага рэжыму, усякая спроба ўважаць за прымальнае для Еўразвязу тое, што адбываецца ў Беларусі, у тым ліку, азначае і прызнанне расейскай вайсковай прысутнасці ў нашай краіне. А гэта ўжо праблема для міжнароднай бяспекі».

25 верасня на Канферэнцыі АБСЕ ў чалавечым вымярэнні ў Варшаве адбылася рабочая сесія «Беларусь: выбары ў час крызісу правоў чалавека». 

Праваабаронца Юрый Джыбладзэ заявіў, што ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі сёння ні ў якім разе нельга здымаць санкцыі ЕЗ – наадварот, санкцыі супраць дыктатуры павінны быць толькі ўзмоцненыя.

«Усяго толькі тры дні таму назад тут, у Варшаве, я і мае калегі сустрэліся з прадстаўніком Еўрапейскага Звязу ў Беларусі. Ён адыгрывае істотную ролю ў фармаванні еўрапейскай палітыкі ў дачыненні да Беларусі і як раз вядзе дыялог з беларускімі ўладамі ад імя Еўразвяза.

І я задаў яму пытанне: «Ці сапраўды праўда тое, што ЕЗ, як усе кажуць, можа зняць эканамічныя санкцыі з Беларусі пасля вызвалення ўсіх палітвязняў?» Дыпламат адказаў: «Так, мы павінны выканаць сваю частку. Лукашэнка сваю частку выканаў, вызваліў палітвязняў – цяпер наш крок, цяпер мы павінны зрабіць сваю справу». Гэта значыць, нейкія сімвалічныя санкцыі застануцца, але асноўныя, эканамічныя, будуць знятыя. Вядома, пры ўмове, што «выбары пройдуць нармальна».

Гэтая пазіцыя паказвае даволі вялікія хібнасці ў працы інстытутаў ЕЗ. Яны маюць на ўвазе, што калі «выбары пройдуць нармальна» – значыць, гэта будуць «сапраўдныя выбары». Але мае калегі ўжо казалі: там не адбудуцца выбары, якія можна было б прызнаць сумленнымі і адкрытымі.

Сітуацыя ў Беларусі перайшла ў вельмі глыбокі, сістэмны крызіс правоў чалавека. І нават поўная рэабілітацыя ўсіх палітвязняў можа быць толькі зыходным пунктам. Таму што ёсць яшчэ цэлы шэраг вельмі выразных умоў у выкананні правоў чалавека, якія павінны быць падставай для развіцця якіх-небудзь палітычных і эканамічных стасункаў з Беларуссю.

Аналіз рэкамендацый, якія былі прадстаўлены АБСЕ, пачынаючы з Маскоўскага механізму (гэта справаздача 2011 года), а таксама іншых штогадовых справаздач, уключаючы ААН, паказвае: ні адна з гэтых рэкамендацый беларускай уладай не была выкананая. За выключэннем вызвалення палітвязняў, якое з\’яўляецца, як сказаў Мікалай Статкевіч, класічнай гульнёй у абмен закладнікамі.

Як толькі Лукашэнка атрымае зняцце эканамічных санкцый, як толькі пачнуцца прыватныя інвестыцыі – а можна рэзюмаваць, што ЕЗ падрыхтоўвае глебу для прыватных інвестыцый – ён спакойна арыштуе чарговую групу палітвязняў і зноў будзе весці торг закладнікамі, каб атрымаць далейшыя саступкі.

Гэтыя людзі не рабілі ніякіх злачынстваў 19 снежня 2010 года і ў наступныя месяцы, але ўсе гэтыя палітвязні знаходзяцца пад наглядам праваахоўных органаў, іх грамадзянска-палітычныя правы абмежаваныя, яны не могуць удзельнічаць у «выбарах», іх рэабілітацыя не адбылася.

Варта таксама звярнуць увагу на несправядлівае судаводства, катаванні, жорсткае абыходжанне міліцыі – нічога не змянілася. Былі прынятыя чарговыя, даволі такі жорсткія законы, якія абмяжоўваюць права на самавыяўленне, новыя законы аб блакаванні інтэрнэт-сайтаў, недапушчальнасці правядзення сходаў – рэпрэсіўны апарат атрымаў яшчэ больш паўнамоцтваў.

Гэта значыць, становішча змянілася ад дрэннага да яшчэ горшага. Як сказаў спецыяльны дакладчык ААН аб Беларусі: парушэнні маюць сістэмны і сістэматычны характар.

Агрэсія Расеі ва ўсходняй Украіне, а таксама анэксія Крыму дазволілі Лукашэнку заняць пазіцыю «міратворца» ў дачыненні да Захаду. У выніку чаго Еўрапейскі Звяз, або асобныя палітыкі ў ЕЗ, патрапілі ў гэтую пастку, у гэты самападман. Яны думаюць, што Лукашэнка з\’яўляецца «гарантам» незалежнасці Беларусі і Украіны ў выпадку далейшай агрэсіі Расеі ў гэтым рэгіёне. У нас ёсць усе падставы меркаваць, што ўсё як раз наадварот: Лукашэнка наогул не можа быць гарантам суверэнітэту і незалежнасці».

25 верасня на Канферэнцыі АБСЕ ў чалавечым вымярэнні ў Варшаве адбылася рабочая сесія «Беларусь: выбары ў час крызісу правоў чалавека». 

Дырэктар славацкага Інстытута грамадскіх праблем Рыгор Месежнікаў перасцярог ад магчымасці «гібрыдызацыі» еўрапейскай палітыкі, пад якой варта разумець адступленне ад дэмакратычных прыярытэтаў у супрацоўніцтве з аўтарытарнымі рэжымамі:

«Гісторыі Мікалая Статкевіча і многіх людзей, якія знаходзяцца ў зале, пацвярджаюць: усё, што адбываецца ў Беларусі, не адпавядае міжнародным нормам. Я тут прадстаўляю грамадзянскую супольнасць Славаччыны – людзей, якія з самага пачатку працэсу дэмакратызацыі ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе бралі ў ім непасрэдны ўдзел.

Апошнім часам усе мы з\’яўляемся сведкамі своеасаблівага феномена: «гібрыдызацыі» палітыкі. Мы бачым «гібрыдныя войны», «гібрыдную» палітыку, «гібрыдныя» партыі. Аўтарытарныя рэжымы, выкарыстоўваючы сваю вынаходлівасць, спрабуюць гэтыя элементы ўнесці ў свае практыкі. Мне здаецца, што ўсё, што адбываецца апошнім часам, у тым ліку ў кантэксце так званых Менскіх перамоў – гэта ўсё спроба беларускага рэжыму ўвесці ў зман міжнародных партнёраў.

Калі Еўразвяз цяпер паддасца на гэтыя «гібрыдныя» элементы – гэта будзе не проста адыход ад тых каштоўнасцяў, на якіх ён пабудаваны. Гэта будзе крок назад і ў дачыненні да грамадзян тых краін, якія маюць надзеі на еўрапейскі шлях – у тым ліку і Беларусі. Еўразвяз не мае права цяпер адступіць ад тых каштоўнасцяў, якія ён цягам апошніх 20-25 гадоў ужываў да краін, што мелі намер увайсці ў ЕЗ.

Славаччына як раз і з\’яўляецца тым прыкладам, калі Еўразвяз не паддаўся на спакусу «гібрыдызацыі». Я маю на ўвазе сітуацыю, калі прэм\’ер-міністр краіны Уладзімір Мяч\’яр спрабаваў весці з ЕЗ інтэграцыйныя перамовы, праводзячы палітыку, якая не адпавядала дэмакратычным прынцыпам. Еўразвяз тады на ланцужку ў Мяч\’яра не пайшоў, і ў Славаччыне, пасля таго як насельніцтва зразумела, што ЕЗ не збіраецца адмаўляцца ад сваіх дэмакратычных каштоўнасцяў, гэта прывяло да перамогі дэмакратычных сіл.

Каштоўнасці дэмакратыі і людзі ў Беларусі, якія за іх змагаюцца, заслугоўваюць адпаведнага стаўлення, і ў выпадку, калі гэтага не адбудзецца – гэта ўвойдзе ў поўную супярэчнасць з палітыкай Еўразвязу.

Што тычыцца Менскіх перамоў – то гэта як раз той выпадак, калі беларускі рэжым скарыстаўся сітуацыяй. Але ніякіх зменаў не адбылося, і тое, што адбываецца – гэта не толькі выклік Еўразвязу ў дачыненні да Беларусі, але і выклік Еўразвязу ў стаўленні да самога сябе».

25 верасня на Канферэнцыі АБСЕ ў чалавечым вымярэнні ў Варшаве адбылася рабочая сесія «Беларусь: выбары ў час крызісу правоў чалавека». 

Прэзідэнт польскага Інстытута грамадскіх спраў Яцэк Кухарчык нагадаў аб рашучасці еўрапейскіх палітыкаў пасля арышту беларускім дыктатарам кандыдатаў у прэзідэнты на выбарах 2010 года і пра тое, што геапалітычныя выклікі не павінны ўплываць ні на рыторыку, ні – тым больш – на прынцыповасць Еўрапейскага Звязу:

«Адно толькі вызваленне палітвязняў не павінна памяняць нашага стаўлення да рэжыму Лукашэнкі.

Хачу нагадаць, што калісьці ў гэтым гатэлі міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі арганізаваў канферэнцыю – пасля таго, як рэжым Лукашэнкі абрынуўся з рэпрэсіямі на апазіцыю на выбарах 2010 года. Я памятаю, як міністр Сікорскі тады сказаў, што Лукашэнка павінен падрыхтаваць самалёт для ўцёкаў, бо дэмакратыя набліжаецца да Беларусі.

Натуральна, чатыры гады таму была такая атмасфера ў Еўразвязе. Гэтая атмасфера зусім адрознівалася ад той рыторыкі, якую мы чуем цяпер. Тады былі часы вялікіх спадзяванняў на дэмакратызацыю, звязаных з «арабскай вясной». Мне здаецца, што гэты кантэкст настолькі памяняўся, што палітыка ЕЗ у дачыненні да Беларусі стала следствам гэтага зрушэння парадыгмаў.

Вайна ва Украіне як раз і стала тым фактарам, які больш за ўсё паўплываў на рэгіён. Можна казаць аб зняцці фокусу еўрапейскай палітыкі: больш увагі звяртаецца на «гарачыя» пункты, а не на парушэнні правоў чалавека ў Беларусі.

Вайна ў Сірыі і неабходнасць развязання звязаных з ёй праблем яшчэ больш дадае ў кантэкст еўрапейскай палітыкі нейкае пачуццё «стомленасці» – стомленасці ад распаўсюджвання еўрапейскіх дэмакратычных каштоўнасцяў. Можна казаць пра з\’яўленне рыторыкі на карысць так званай «рэальнай палітыкі». Напрыклад, у рэакцыі на ўмяшанне Пуціна ў сірыйскі канфлікт, калі кажуць, што неабходна супрацоўнічаць з ім у Сірыі і разам весці барацьбу з «Ісламскай дзяржавай».

Мне здаецца, што сапраўды гэтак жа змяняецца падыход да рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі. Я хачу звярнуць вашу ўвагу на вельмі цікавы і супярэчлівы факт: Еўрапейская рада ў замежных справах, даволі шаноўная арганізацыя, кажа пра тое, што пасля вызвалення палітвязняў замежная палітыка ЕЗ павінна развівацца так, каб зняць санкцыі і пачаць супрацоўніцтва з беларускім рэжымам.

Гэты дакумент больш-менш выразна кажа пра тое, што зняць санкцыі трэба не таму, што мы раней далі слова, а Лукашэнка стрымаў сваю частку абяцанняў і цяпер наша чарга – а таму, што вызваленнем палітвязняў Лукашэнка паказаў, што ён імкнецца ўхіляцца ад «абдымкаў» Пуціна. А цалкам дыстанцыявацца ад Расеі яму нібыта не даюць эканамічныя санкцыі з боку Захаду.

Мне здаецца, што гэта няправільная аргументацыя, і яна не можа быць падставай для змены палітыкі і зняцця санкцый. Ёсць вялікая рызыка ў тым, што зняцце санкцый з Лукашэнкі можа стаць рэпетыцыяй для зняцця санкцый з Расеі. Менавіта таму варта супраціўляцца спробам зняць санкцыі з беларускага рэжыму, і Еўрапейскі Звяз павінен весці барацьбу за свае каштоўнасці.

Калі мы пачнём гуляць у геапалітычныя гульні – мы будзем гуляць паводле правілаў Пуціна, а не паводле сваіх правілаў».

25 верасня на Канферэнцыі АБСЕ ў чалавечым вымярэнні ў Варшаве адбылася рабочая сесія «Беларусь: выбары ў час крызісу правоў чалавека».

Хартыя\’97