У цэнтры Менску пратэстуюць супраць інтэграцыі з Расеяй. ЖЫВАЯ ТРАНСЬЛЯЦЫЯ

7 сьнежня ў цэнтры Менску праходзяць дзьве акцыі пратэсту супраць «паглыбленьня інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Ніводная акцыя не санкцыянаваная беларускімі ўладамі. Свабода вядзе жывую відэа- і тэкставую трансьляцыю.

YouTube player

Што адбываецца:

  • Ад 11:30 некалькі соцень людзей усталі па абодва бакі ўздоўж праспэкта Незалежнасьці ў Менску: ад Галоўпаштамту да Дзяржаўнага цырку. Адзінага жывога ланцугу, як гэта меркавалася, не атрымалася.
  • Пасьля 12-й гадзіны людзі сабраліся на Кастрычніцкай плошчы. Па словах карэспандэнта Свабоды, які прысутнічае на плошчы, там сабралася да тысячы чалавек.
  • А 14-й гадзіне пратэстоўцы перайшлі з Кастрычніцкай плошчы да плошчы Незалежнасьці. Там адбылася кароткая прамова і малітва. Міліцыя не замінала шэсьцю, пакуль людзі ішлі па праспэкце Незалежнасьці.
  • Каля 14:40 пратэстоўцы перайшлі праз вуліцы Валадарскага і Інтэрнацыянальную да плошчы Свабоды. Усе сабраліся вакол ратушы, дзе з прыступак выступаюць прамоўцы. У акцыі удзельнічае некалькі соцень чалавек.

15:00 Ад ратугы людзі рухаюцца да Кастрычніцкай плошчы, дзе пачаўся пратэст супраць паглыбленьня інтэграцыі з Расеяй а 12-й гадзіне.

14:46 Акцыя цягнецца трэцюю гадзіну. Цяпер людзі дайшлі да плошчы Свабоды. На прыступках ратушы выступае лідэр было Беларускай партыі Свабоды Сяргей Высоцкі:

«Гэтая ўлада падышла да чырвонай мяжы. За сьпінай беларускага народа вырашаецца наш лёс. Гэта сапраўды злачынства».

14:40 Як піша «Наша Ніва», падчас шэсьця супраць інтэграцыі з Расіяй па праспэкце Незалежнасці ў натоўпе зьявіўся правакатар, які крычаў «Россія вперед!» і меў, паводле сьведчаньняў, ашклянелы позірк – нібыта знаходзіўся пад узьдзеяньнем нейкіх рэчываў. Людзі здалі яго сілавікам у цывільным. Правакатара пасадзілі ў сіні мікрааўтобус.

14:35 Пратэст у Беларусі – гэта несанкцыянаванае шэсьце, якое рухаецца па правілах дарожнага руху. Пратэстоўцы з антыдзяржаўнымі лёзунгамі спускаюцца ў падземныя пераходы, чакаюць зялёнага сыгналу сьвятлафору і ідуць выключна па ходніках. Нават калі яны вельмі вузкія. Супрацоўнікі ДАІ пільнуюць, каб ніхто не парушаў правілаў дарожнага руху.

14:25 Калёна расьцягнулася на некалькі сотняў мэтраў уздоўж вуліц Валадарскага і Рэвалюцыйнай. На заклік Паўла Севярынца людзі ідуць да плошчы Свабоды. Там мае адбыцца наступны прыпынак шэсьця – пратэсту супраць паглыбленьня інтэграцыі з Расеяй.

14:15 Па словах Паўла Севярынца, на сёньняшні пратэст выйшла ў некалькі разоў болей людзей, чым ён чакаў.

14:05 Пратэстоўцы дайшлі да плошчы Незалежнасьці. Пасьля кароткай прамовы і малітвы Павал Севярынец заклікаў усіх пайсьці «вуліцамі старога гораду да плошчы Свабоды». У акцыі дагэтуль удзельнічае каля тысячы чалавек.

14:00 ​Акцыю пратэсту камэнтуе пісьменьнік Уладзімер Някляеў:

«Вядома, гэта недастатковая колькасьць людзей, каб радыкальна зьмяніць сытуацыю ў краіне, на што спадзяваліся арганізацыі гэтай дзеі (пратэсту – РС). Але гэта гэтага дастаткова для таго, каб пачулі голас беларусаў, якія не жадаюць будучыні без незалежнасьці. Гэта катэгарычна не прымаецца.

«Каб выйшаў народ, трэба падзея нейкая. Каб сёньня прыйшла інфармацыя, што падпісаны пратакол пра адзін урад, пра адну дзяржаву, вывалілі б сотні тысяч. Гэта безумоўна».

13:40 Гэта самая шматлюдная акцыя пратэсту за апошні час. Па словах Алеся Пілецкага, карэспандэнта Свабоды, сёньня на вуліцу выйшла нашмат больш людзей, чым удзельнічала ў «Сустрэчы свабодных людзей» і пратэстаў падчас парлямэнцкай кампаніі.

13.30 Ні міліцыя, ні людзі ў цывільным не замінаюць пратэстоўцам. Шэсьце дайшло да цэнтральнага будынку КДБ.

13:10 Павал Севярынец: «Зараз мы пройдзем па нашым родным горадзе Менску. Мы пройдземся да плошчы Незалежнасьці і вернемся назад. Дзеля таго, каб праспэкт Незалежнасьці. праспэкт Скарыны, пабачыў, што Беларусь жыве. Незалежнасьць!»

13.07 Акцыя праходзіць спакойна. Па словах карэспандэнта Свабоды, людзей у цывільным ня бачна, ніхто не замінае выступоўцам.

12:47 На прыступкі Палацу Незалежнасьці падняўся пісьменьнік Ўладзімер Някляеў:

«Гэтую краіну празь вякі малацілі й малацілі цапамі. Яны крывяніла на крыжах. Але яна жывая разам з намі. І гэткай краінай нельга гандляваць. Можна падпісваць міжнародныя дамовы, можна падпісваць саюзы, што заўгодна, але зь ведама народа! Самае вялікае злачынства – гэта ўпотай падпісваць нейкія пакты Молатава-Рыбэнтропа.

12.40. Выступае пісьменьнік Уладзімер Арлоў:

«Дарагія сябры. На сьвеце больш за тры тысячы нацый і народнасьцяў. І толькі каля двухсот здолелі стварыць свае незалежныя дзяржавы. Мы, беларусы, сярод іх. Гэта наша найвялікшая каштоўнасьць».

«Нам доўга кажуць, што мы ня можа сфармуляваць сваю нацыянальную ідэю. Вось нашая нацыянальная ідэя. Каго любіш? Люблю Беларусь! То ўзаемна. Без паўстаньня 1863 года, калі пачалося змаганьне за свабодную будучыню былых народаў Рэчы Паспалітай, за беларускую незалежную будучыню, бяз гэтага паўстаньня не надышоў бы дзень 25 сакавіка 1918 года, калі беларусы сталі дзяржаўным народам ужо пад сваёй сучаснай назвай».

12:35 Павал Севярынец на Кастрычніцкай плошчы: «Сёньня мы стаім да цемры».

12.25 Пратэстоўцы прымусілі людзей у цывільным бегаць па Кастрчычніцкай плошчы з аднаго канца ў іншы.

12:16 Сутычка на Кастрычніцкай плошчы. Удзельнікі пратэсту спрабуюць падняцца на прыступкі Палацу рэспублікі, але супрацоўнікі міліцыі і людзі ў цывільным не пускаюць нікога.

12:10 Лідэр АГП Казлоў кажа, што выступае за скасаваньне дамовы пра «саюзную дзяржаву» з Расеяй — Беларусь і Расея «павінны заключаць звычайныя дамовы» і мець «добрыя, нармальныя стасункі». І дамовы між дзяржавамі, дадае ён, кіраўнікі дзяржаваў ня мусяць вырашаць «таемна, як злодзеі».

12:05 На Кастрычніцкай зьявіўся шэраг палітыкаў: сустаршыня БХД Павал Севярынец, старшыня АГП Мікалай Казлоў, старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч і іншыя. Кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2010 году, паэт Уладзімер Някляеў кажа, сёньня «васал пакліканы ў мэтраполію», і там «будзе горача», бо Пуцін будзе дамагацца рэалізацыі ранейшай ідэі — далучыць Беларусь да Расеі. Севярынец жа спраўджвае ў мітынгоўцаў, ці ўсе цёпла апрануліся, ці ўзялі ссабойкі і гарбату, бо «акцыя будзе доўгай». Праваахоўнікі і «людзі ў цывільным» не чапаюць пратэстоўцаў.

11:55 Акцыя з «жывым ланцугом» працягваецца па адзін бок праспэкту, а праз дарогу на Кастрычніцкай плошчы ўжо зьбіраюцца дзясяткі чалавек са сьцягамі, расьцяжкамі і плякатамі на розных мовах. У адказ на просьбу міліцыянта «не перашкаджаць праходу людзей уздоўж праспэкту» мітынгоўцы адказалі воклічамі «Жыве Беларусь!»

11:49 Зьявіўся міліцыянт з гукаўзмацняльнікам на скрыжаваньні вуліцы Леніна і праспэкту Незалежнасьці. Ён паведаміў, што акцыя несанкцыянаваная, просіць усіх разысьціся.

11:46 Агулам каля некалькіх соцень людзей з абодвух бакоў праспэкта Незалежнасьці сабраліся ў «ланцуг Незалежнасьці». Яны зьбіраюцца ад Галоўпаштамту да Дзяржаўнага цырку.

11:44 Людзі ў ланцугу пра тое, чаму яны прыйшлі: «Няма сіл баяцца, хай б’юць, хай арыштоўваюць. Мірна мы не дамовімся».

11:38 У сацыяльных сетках пішуць, што людзі па некалькі дзясяткаў людзей міні-ланцугі вакол аўтобусных прыпынкаў на праспэкце Незалежнасьці: каля Галоўпаштамту, ГУМу, і цырку (з паўсотні людзей).

11:34 Каля 15-20 людзей узяліся за рукі на аўтобусным прыпынку на Кастрычніцкай плошчы.

11:26 Размаўляем зь Паўлам Севярынцам, які прыйшоў на Кастрычніцкую плошчу. Учора яго даставілі ў РАУС і папярэдзілі пра адказнасьць за сёньняшнюю акцыю пратэсту. Севярынец не падпісаў пратакол, яго адпусьцілі. Ён лічыць, што міліцыя такім чынам дала «зялёнае сьвятло» на акцыю пратэсту.

«Я папярэдзіў міліцыю, што яны павінныя быць разам з народам і абараняць незалежнасьць. На кароткі час інтарэсы Лукашэнкі супалі з інтарэсамі беларускай нацыі”.

Павал Севярынец:

«Вельмі шмат людзей едуць з рэгіёнаў. Я думаю, тут будзе ня толькі 300 спартанцаў, як у апошнія гады. Некалькі соцень чалавек я тут чакаю».

11.15 Міліцыя і людзі ў цывільным сканцэнтраваныя ў раёне Кастрычніцкай плошчы.

11:06 Каля Дзяржаўнага цырку на скрыжаваньні вуліцы Купалы і праспэкту Незалежнасьці, куды заклікала прыходзіць кампанія “Сьвежы вецер”, ня бачна людзей, якія прыйшлі на пратэст.

На адну з акцыяў пратэсту ў гэты дзень заклікаў сустаршыня «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» Павал Севярынец. На яшчэ адну, «жывы ланцуг», заклікала кампанія «Сьвежы вецер», якая 5 сьнежня выкаціла гарбуз да расейскай амбасады.

Акцыі пратэсту заплянаваныя 7 сьнежня, бо менавіта ў гэты дзень у Сочы сустракаюцца Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін. Мяркуецца, што на сустрэчы яны будуць абмяркоўваць «паглыбленьне інтэграцыі» напярэдадні 20-й гадавіны стварэньня «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі. Што за дакумэнты яны маюць падпісаць і што за «дарожныя мапы» інтэграцыі абмяркоўваюць урады краінаў, не раскрываецца.

Рыдыё Свабода