У Гомелі міліцыя не дала Уладзіміру Няпомняшчых агітаваць супраць Лукашэнкі
У Гомелі ў Доме культуры таварыства глухіх 18 ліпеня адбылася сустрэча выбаршчыкаў дзеля агітацыі супраць кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнкі.
Выбарчы кодекс дазваляе і такія сустрэчы. Ініцыятарам яе стаў вядомы ў горадзе актывіст, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, былы афіцэр міліцыі Уладзімір Няпомняшчых. Ён быў адзіным зарэгістраваным прэтэндэнтам у кандыдаты ў прэзыдэнты з трох дзясяткаў «кандыдатаў пратэсту», пра якіх заяўляў апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч.
Аднак адкрываў і вёў сустрэчу не сам Няпомняшчых, а яго паплечнік, грамадскі актывіст і палітык Васіль Палякоў. Ён патлумачыў прысутным, што літаральна за паўгадзіны да анансаванай сустрэчы, калі Уладзімір накіроўваўся ў ДК, яго затрымала міліцыя нібыта за парушэнне падчас збору подпісаў.
«Затрыманне Няпомняшчых скіравана на зрыў сустрэчы»
Як мадэратар сустрэчы, Палякоў зазначыў, што затрыманне Няпомняшчых скіравана было на зрыў сустрэчы. Па словах выступоўцы, Аляксандр Лукашэнка не можа зараз легальна пераабрацца, апроч як праз фальсіфікацыю выбараў. Але ў беларусаў ёсць магчымасць супрацьстаяць гэтаму. Варта выявіць свой актыўны ўдзел у выбарах не толькі праз галасаванне за альтэрнатыўнага кандыдата, якой з’яўляецца Святлана Ціханоўская, але і будучы назіральнікамі на выбарах. Назіранне, на думку Палякова, стане дадатковым інструментам дзеля «ўзмацнення агітацыі і пратэстных настрояў«. Праз назіранне, па яго меркаванню, людзі атрымаюць больш поўную інфармацыю аб тым, што насамрэч адбывалася на ўчастках:»Назіральнікі – гэта сведкі парушэння закона, бо фальсіфікацыя выбараў – крымінальнае злачынства».
Галасаваць, а не ляжаць на канапе
Палітык лічыць, што лепей прыйсці на выбарчы ўчастак, прагаласаваць супраць Аляксандра Лукашэнкі, чым застацца дома на канапе. У такім разе ў выбаршчыка ёсць большае маральнае права адстойваць свой голас, свой выбар нават праз пратэсты. Без сумневу, Цэнтрвыбаркам пастараецца намаляваць Лукашэнку лічбы перамогі не менш, як 70 працэнтаў.
«А што мы, мужыкі, робім?»
У зале быў устаноўлены свабодны мікрафон, праз які мог выказацца любы ахвочы. Гамяльчанін Аляксей, скарыстаўшыся мікрафонам, заўважыў, што ягонае пакаленне, адпрацаваўшы дзе небудзь на заводзе, заклапочана было «чаркай і скваркай». Цяпершняя моладзь, і гэты было бачна на пікетах па збору подпісаў, а таксама на «ланцугах салідарнасці» з незарэгістраванымі кандыдатамі на пасаду прэзідэнта Віктарам Бабарыкам і Валерам Цапкалам, заклапочана пераменамі, магчымасцю рэалізаваць сябе ў сваёй краіне. Моладзь з’язджае з краіны, шукае сабе працу ў Польшчы, Чэхіі.
Спадар Аляксей лічыць ненармальным, што беларускія мужчыны, не ў прыклад Святлане Ціханоўскай, якая пайшла на гэтыя выбары за свайго мужа, мала выяўляюць сваю актыўнасць: «А што мы, мужыкі, робім? Сядзім у інтэрнэце і глядзім, што Ціханоўская робіць? Нам трэба выходзіць на мірныя акцыі. У мяне двое дзяцей, што я ім скажу, калі яны вырастуць і будуць вымушаныя жыць пры гэтым рэжыме?»
Гомельскі эканаміст Мікалай Новікаў заклапочаны адсталасцю беларускай эканомікі ад бліжэйшых суседзяў. Беларусі патрэбныя рэформы. Улада будзе паважаць выбар народа тады, калі самі грамадзяне навучацца паважаць свой выбар, мяркуе эканаміст.
Прадстаўнік БНФ Васіль Рэпнін спыніўся ў сваім выступе на інтэграцыі Расіі і Беларусі, якую распачаў Лукашэнка ў свой час, марыўшы пра «крамлёўскі пасад». Для Беларусі будуць згубнай увядзенне адзінага падатковага кодэксу, грашовай валюты. Ён прывёў прыклад, калі на размытнёўцы тавара ўдзельнікі так званага ЕўрАзЭС атрымаль 100 долараў, то 85 працэнтаў прыбытку ідзе Расіі, 8 – Казахстану і менш як 5 працэнтаў – Беларусі.
«Лукашэнка ўсе мінулыя гады толькі ўзмацняў сваю ўладу»
Ураджэнец Гомеля, прафесар фізікі Мікалай Лешанок, узяўшы слова, казаў, што галасаваць варта за Святлану Ціханоўскую, паколькі «стары-новы прэзідэнт ўсе мінулыя гады толькі ўзмацняў сваю ўладу. Калі Лукашэнка кажа, што «трэба ўзмацняць дзяржаву, ён так мае на ўвазе сябе. Дзяржава – гэта ён». Прафесар перакананы, што «ўлада рэагуе толькі тады, калі бачаць, што большасць народу супраць фальсіфікацыі выбараў». У Беларусі ўжо бачылі, якім чынам улада дзейнічала на этапе збору подпісаў і рэгістрацыі кандыдатаў ў прэзідэнты.
Спрэчкі і дыскусію выклікала выступленне гамяльчанкі Наталлі Сухарукавай. Яна заклапочана, з чаго будзе жыць краіна, калі нават буйныя прадпрыемствы ў Гомелі працуюць праз пень-калоду, а на «траіх рабочых – пяцёра начальнікаў«. Яны і прагаласуюць за Лукашэнку, бо ў іх заробак тысяча рублёў, а ў рабочых – трыста.
Незнаёмая жанчына ў гадах падхапілася з месца і выгаворвала Сухарукавай, што яна зняславіла гомельскія прадпрыемствы, у тым ліку і „Камінтэрн“, бо “не ведае, якія там аб’ёмы». Кабета гучна рэагавала і на выступ гамяльчаніна Яўгена, які казаў, што пры Лукашэнку загублены беларуская мова, нацыянальныя сімвалы – бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня», а таксама – гісторыя, культура. Гэта асабліва балюча для беларусаў.
Паўтары гадзіны цягнулася сустрэча па агітацыі супраць Лукашэнкі. Пасля яе завяршэння Васіль Палякоў у гутарцы з журналістам «Народнай Волі» зазначыў, што першая такая сустрэча сёлета прайшла на ўздыме, хоць і не была шматлюднай – прысутнічала недзе каля сямідзесяці гараджанаў.
«У адрозненне ад папярэдніх электаральных кампаній, цяпер больш людзей уцягнутыя ў выбарчы працэс. Яны хвалююцца за лёс Беларусі. Людзі сталі ўважліва сачыць за тым, што адбываецца ў Беларусі. Мы і раней гаварылі пра фальсіфікацыі на выбарах, але на гэта мала хто рэагаваў. Зараз няма неабходнасці пра гэта тлумачыць. Беларусы бачаць тую несправядлівасць і беззаконне, якія чыніць улада, разганяючы і арыштоўваючы нязгодных людзей на вуліцах, якія выходзяць абараняць сваё права выбару«, – сказаў Васіль Палякоў.
Пасля сустрэчы выбаршчыкаў па агітацыі супраць Лукашэнкі стала вядома, што яе ініцыятара Уладзіміра Няпомняшчых адпусцілі з Цэнтральнага РАУС пасля трох гадзін затрымання. У яго бралі тлумачэнне, чаму ён 31 мая і на пачатку чэрвеня падчас збору подпісаў выступаў з прамовамі. Уладзімір паведаміў, што адмовіўся даваць тлумачэнні на гэтую тэму. Праігнараваў ён і запрашэнне намесніка начальніка райаддзела міліцыі Сяргея Крышнёва прыйсці да яго на «прафілактычную гутарку».