У Гомлі аднавіўся закрыты суд над Статкевічам, Лосікам, Паповым, Сакавым, Ціханоўскім і Цыгановічам

6 лістапада аднавіўся суд над Ігарам Лосікам, Дзьмітрыем Паповым, Арцёмам Сакавым, Мікалаем Статкевічам, Сяргеем Ціханоўскім і Ўладзімерам Цыгановічам.

Пра гэта ў фэйсбуку напісала жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч.

Яна таксама працытавала ліст Мікалая Статкевіча.

«Ты не павінна мець ніякіх ілюзій наконт гэтага „правасудзьдзя“. Таму прымі спакойна гэтае яго прамежкавае, а потым і наступнае „рашэньні“. Наша адказнасьць за лёс краіны вымагае гэтага, бо іншыя варыянты прывядуць да ўжо вядомага кола падзей, да абрыдлай „рэал-паліцік“. Толькі хто ж тут застанецца жыць, пакуль тое кола замкнецца. Значыць, трэба прыняць і вытрымаць, мая родная. Вельмі хвалююся за твой стан. калі ласка, вытрымай», — напісаў жонцы Мікола Статкевіч.

Працэс ідзе ад 24 чэрвеня ў закрытым рэжыме ў будынку гомельскай турмы. Адвакаты далі падпіску аб невыдаваньні, таму пра акалічнасьці працэсу нічога не вядома.

Усім шасьці фігурантам справы пагражае да 12–15 гадоў пазбаўленьня волі. Ім інкрымінуюць «масавыя беспарадкі», «распальваньне сацыяльнай варожасьці» і іншыя цяжкія артыкулы Крымінальнага кодэксу. Усе фігуранты справы ўжо больш як год у СІЗА.

З 4 лістапада ў працэсе быў перапынак. Цяпер на ім чакаюцца спрэчкі бакоў, пасьля якіх судзьдзя абвесьціць прысуд.