У Менску мэдалём імя савецкага палітвязьня Сяргея Ханжанкова ўзнагародзілі сьвятара аўтакефальнай царквы
13 сакавіка Сяргею Ханжанкову споўнілася б 77 гадоў. Былы палітвязень 1970-х памёр амаль тры гады таму, 16 сакавіка 2016-га. Вечарыну памяці Сяргея Ханжанкова зладзіў у офісе БНФ рух салідарнасьці «Разам».
Актывісты, палітыкі, аднадумцы дзяліліся ўспамінамі пра Сяргея Ханжанкова — аднаго з самых вядомых беларускіх палітвязьняў.
Мікалай Статкевіч: «Унікальны прыклад»
Паводле Мікалая Статкевіча, роля Сяргея Ханжанкова ў беларускім грамадзтве і сёньня ўнікальная.
«Ён да канца змагаўся за свабоду, да канца трымаў гэты сьцяг», — казаў былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч.
Палітык нагадаў пра актывістаў, якія пасьля некалькіх гадоў змаганьня адышлі ўбок ад палітычнай барацьбы і заняліся ўспамінамі.
«Атрымліваецца: навошта трэба было змагацца? Што гэта, марна? Але Сяргей да канца жыцьця працягваў барацьбу, і мы павінны на яго ў гэтым раўняцца».
Чаму не пагаджаўся на датэрміновае вызваленьне?
Сяргей Ханжанкоў у 1963 годзе быў асуджаны на 10 год лягераў за стварэньне антысавецкай студэнцкай групоўкі і спробу тэракту — плянаваў узарваць у Менску вежу, якая глушыла «Голас Амэрыкі» ды іншыя «варожыя галасы». Тэрмін адбываў у лягеры ў Мардовіі, дзе ў 60–70-я гады мінулага стагодзьдзя трымалі палітычных вязьняў.
Вячаслаў Сіўчык, заснавальнік руху салідарнасьці «Разам», адзначыў, што Сяргей Ханжанкоў быў перакананым антыкамуністам і пасьлядоўным змагаром за дэмакратыю.
«Яшчэ ў пачатку 60-х гадоў Сяргей меркаваў, што камунізм зьнішчае людзей, у тым ліку саміх камуністаў. І ў нашы часы ён бачыў непасрэдную сувязь таго, што адбывалася ў 60-я, зь цяперашнімі рэпрэсіямі».
«Адной з каштоўнасьцяў беларускай гісторыі ёсьць тое, што Ханжанкоў катэгарычна адмаўляўся ад датэрміновага вызваленьня, бо не пагаджаўся прызнаваць віну. Мог на два гады раней выйсьці зь лягеру, але не саступаў і адбыў увесь тэрмін. Гэта подзьвіг», — кажа Вячаслаў Сіўчык.
«Унівэрсытэты» Сяргея Ханжанкова
Алена, удава Сяргея Ханжанкова, згадала пра радавод мужа.
- Ягоны дзед быў настаўнікам, эсэрам, агітаваў супроць калгасаў, адбыў тры гады ў калёніі. Але ў 1935 годзе яго зноў загрэблі, і з Салаўкоў ён ужо не вярнуўся.
- Маці Сяргея Ханжанкова паехала за сваім бацькам на Калыму, каб мець магчымасьць яму дапамагаць.
- Бацька Сяргея трапіў на Калыму ў 30-я гады за рэлігійную прапаганду і там пазнаёміўся з маці Сяргея, гэтак утварылася іх сямʼя. «Сяргей распавядаў, што ў жывых заставалася 1 з 10 на Калыме. Бацька быў гэтым адным з 10. Яму даводзілася закопваць расстраляных там».
- Нараджэньне Сяргея, паводле Алены, таксама было цудам. «Ён быў трэцім з народжаных у сямʼі, двое першых дзяцей ня выжылі».
- Маці з малым Сяргеем хадзілі ў бібліятэку, ён там навучыўся чытаць газэты і з прачытанага выводзіць сувязі паміж падзеямі. Адсюль у яго на ўсё жыцьцё захавалася цікаўнасьць да палітыкі.
- Бацька Сяргея вызваліўся зь лягеру ў 40-м годзе, але зьехалі яны з Калымы толькі ў 50-м.
- Калі Ханжанковы прыехалі з Калымы ў Беларусь, вельмі зьдзівіліся, што тут людзі літаральна выжывалі, настолькі жыцьцё было галоднае і цяжкое.
- Сяргею складана было знайсьці аднадумцаў. На амэрыканскую выставу, якая ў 1959 годзе праходзіла ў Маскве, давялося ехаць аднаму, бо не знайшлося нікога, хто б не баяўся і каму б было цікава. Затое аднадумцы, паводле Сяргея, знайшліся ў лягеры. Гэта ён меў на ўвазе, калі ўжо на волі казаў: «Хачу ў лягер».