У Менску мэдалём імя савецкага палітвязьня Сяргея Ханжанкова ўзнагародзілі сьвятара аўтакефальнай царквы

13 сакавіка Сяргею Ханжанкову споўнілася б 77 гадоў. Былы палітвязень 1970-х памёр амаль тры гады таму, 16 сакавіка 2016-га. Вечарыну памяці Сяргея Ханжанкова зладзіў у офісе БНФ рух салідарнасьці «Разам».

Актывісты, палітыкі, аднадумцы дзяліліся ўспамінамі пра Сяргея Ханжанкова — аднаго з самых вядомых беларускіх палітвязьняў.

 

 

Мікалай Статкевіч: «Унікальны прыклад»

Паводле Мікалая Статкевіча, роля Сяргея Ханжанкова ў беларускім грамадзтве і сёньня ўнікальная.

Мікола Статкевіч

Мікола Статкевіч

«Ён да канца змагаўся за свабоду, да канца трымаў гэты сьцяг», — казаў былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч.

Палітык нагадаў пра актывістаў, якія пасьля некалькіх гадоў змаганьня адышлі ўбок ад палітычнай барацьбы і заняліся ўспамінамі.

«Атрымліваецца: навошта трэба было змагацца? Што гэта, марна? Але Сяргей да канца жыцьця працягваў барацьбу, і мы павінны на яго ў гэтым раўняцца».

Чаму не пагаджаўся на датэрміновае вызваленьне?

Сяргей Ханжанкоў у 1963 годзе быў асуджаны на 10 год лягераў за стварэньне антысавецкай студэнцкай групоўкі і спробу тэракту — плянаваў узарваць у Менску вежу, якая глушыла «Голас Амэрыкі» ды іншыя «варожыя галасы». Тэрмін адбываў у лягеры ў Мардовіі, дзе ў 60–70-я гады мінулага стагодзьдзя трымалі палітычных вязьняў.

Вячаслаў Сіўчык, заснавальнік руху салідарнасьці «Разам», адзначыў, што Сяргей Ханжанкоў быў перакананым антыкамуністам і пасьлядоўным змагаром за дэмакратыю.

Вячаслаў Сіўчык

Вячаслаў Сіўчык

«Яшчэ ў пачатку 60-х гадоў Сяргей меркаваў, што камунізм зьнішчае людзей, у тым ліку саміх камуністаў. І ў нашы часы ён бачыў непасрэдную сувязь таго, што адбывалася ў 60-я, зь цяперашнімі рэпрэсіямі».

«Адной з каштоўнасьцяў беларускай гісторыі ёсьць тое, што Ханжанкоў катэгарычна адмаўляўся ад датэрміновага вызваленьня, бо не пагаджаўся прызнаваць віну. Мог на два гады раней выйсьці зь лягеру, але не саступаў і адбыў увесь тэрмін. Гэта подзьвіг», — кажа Вячаслаў Сіўчык.

«Унівэрсытэты» Сяргея Ханжанкова

Алена, удава Сяргея Ханжанкова, згадала пра радавод мужа.

Алена, удава Сяргея Ханжанкова

Алена, удава Сяргея Ханжанкова

 

  • Ягоны дзед быў настаўнікам, эсэрам, агітаваў супроць калгасаў, адбыў тры гады ў калёніі. Але ў 1935 годзе яго зноў загрэблі, і з Салаўкоў ён ужо не вярнуўся.
  • Маці Сяргея Ханжанкова паехала за сваім бацькам на Калыму, каб мець магчымасьць яму дапамагаць.
  • Бацька Сяргея трапіў на Калыму ў 30-я гады за рэлігійную прапаганду і там пазнаёміўся з маці Сяргея, гэтак утварылася іх сямʼя. «Сяргей распавядаў, што ў жывых заставалася 1 з 10 на Калыме. Бацька быў гэтым адным з 10. Яму даводзілася закопваць расстраляных там».
  • Нараджэньне Сяргея, паводле Алены, таксама было цудам. «Ён быў трэцім з народжаных у сямʼі, двое першых дзяцей ня выжылі».
  • Маці з малым Сяргеем хадзілі ў бібліятэку, ён там навучыўся чытаць газэты і з прачытанага выводзіць сувязі паміж падзеямі. Адсюль у яго на ўсё жыцьцё захавалася цікаўнасьць да палітыкі.
  • Бацька Сяргея вызваліўся зь лягеру ў 40-м годзе, але зьехалі яны з Калымы толькі ў 50-м.
  • Калі Ханжанковы прыехалі з Калымы ў Беларусь, вельмі зьдзівіліся, што тут людзі літаральна выжывалі, настолькі жыцьцё было галоднае і цяжкое.
  • Сяргею складана было знайсьці аднадумцаў. На амэрыканскую выставу, якая ў 1959 годзе праходзіла ў Маскве, давялося ехаць аднаму, бо не знайшлося нікога, хто б не баяўся і каму б было цікава. Затое аднадумцы, паводле Сяргея, знайшліся ў лягеры. Гэта ён меў на ўвазе, калі ўжо на волі казаў: «Хачу ў лягер».
Прымач, на якім Ханжанкоў за савецкім часам слухаў Радыё Свабода. Пасьля ягонай сьмерці дачка перадала яго нашай рэдакцыі
Прымач, на якім Ханжанкоў за савецкім часам слухаў Радыё Свабода. Пасьля ягонай сьмерці дачка перадала яго нашай рэдакцыі.

 
13 сакавік 2019, 21:26
 
фотаздымкі Уладзь Грыдзін