У Мінску затрыманы Мікалай Статкевіч
30 кастрычніка, каля 20.30 у Мінску быў затрыманы Мікалай Статкевіч.
Палітык быў затрыманы, калі вяртаўся дахаты пасля сустрэчы з аднапартыйцамі.
Аўтамабіль, у якім Мікалай Статкевіч знаходзіўся разам з жонкай, быў прыціснуты да края праезднай часткі і спынены машынай ДАІ, разам з якой пад\’ехаў знакаміты “сіні мікрааўтобус”. Гэта адбылося каля перакрыжавання вул. Ціміразева і праспекта Машэрава. Хто і на якіх падставах праводзіў затрыманне, ні палітыку, ні яго жонцы Марыне Адамовіч не паведамілі.
Раней, на працягу мінулага тыдня жонка палітыка неаднаразова паведамляла ў сацыяльных сетках пра павлічаную цікавасць да іх дому з боку спецслужб. Літаральна за гадзіну да затрымання Мікалая Статкевіча яна паведаміла пра тое, што вонкавае назіранне стала настолькі інтэнсіўным, што “згубілі ўсялякі сорам – проста выязджаюць за мной і след у след “суправаджаюць”, куды б я ні ехала“.
Сябры і аднадумцы Мікалая Статкевіча мяркуюць, што яго арышт наўпрост звязаны з запланаваным заўтра выступам на Еўранест у Кіеве.
Мікалай Статкевіч на дадзены момант мае не адбыты пяцісутачны арышт за ўдзел у акцыі 8 верасня супраць беларуска-расейскіх ваенных вучэнняў „Захад-2017”. Ён таксама з’яўляўся адным з ініцыятараў акцый 21 кастрычніка „Марш абураных беларусаў 2.0” супраць сацыяльна-эканамічнай палітыкі ўлад і 29 кастрычніка каля будынка КДБ у Менску ў памяць аб ахвярах сталінскіх рэпрэсій.
Дзе зараз знаходзіцца Мікалай Статквіч, Марыне Адамовіч невядома. Насуперак закону ніхто ёй не патэлефанаваў і не паведаміў аб прычынах затрымання і месцазнаходжанні палітыка
Чытай больш на: www.racyja.com