Навіны

У «Міжнароднаі амністыі» будзе свой хакей

Напярэдадні чэмпіянату сьвету ў хакеі, які пройдзе ў Беларусі ад 9 да 25 траўня, праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» распачала кампанію за свабоду сходаў і асацыяцыяў у Беларусі.

«Міжнародная амністыя» выступіла сёньня з заявай, дзе паведамляе, што беларускія ўлады ў спробах сьцішыць галасы іншадумцаў перад чэмпіянатам за апошнія дзесяць дзён затрымалі 16 палітычных актывістаў.

У рамках новай кампаніі праваабаронцы арганізавалі пэтыцыю, у якой заклікаюць прэзыдэнта Лукашэнку вызваліць трох доўгатэрміновых вязьняў сумленьня, а таксама ўнесьці зьмены ў беларускае заканадаўства, якое цяпер абмяжоўвае правы беларускіх грамадзянаў.

«Зарэзэрвуйце сабе месцы на нашай віртуальнай хакейнай арэне і падтрымайце тым самым правы чалавека ў Беларусі. «Зарэзэрваваўшы месцы», вы падпішаце пэтыцыю і атрымаеце віртуальны білет на матч правоў чалавека ў Беларусі! Подпісы пад пэтыцыяй будуць сабраныя і дасланыя беларускаму прэзыдэнту. Пэтыцыя дазволіць вам падзяліцца навіною аб матчы з вашымі сябрамі сацыяльных сетках і заахвоцяць іх далучыцца да кампаніі», — пішуць ініцыятары кампаніі.

Радыё Свабода