У той дзень у Маскве падпісвалі дамову аб "супольнасці" Расіі і Беларусі…
20 гадоў таму – 2 красавіка 1996 года, я ўпершыню быў вымушаны ўзначаліць шматтысячную дэманстрацыю.
У той дзень у Маскве падпісвалі дамову аб “супольнасці” Расіі і Беларусі, якая потым стала звацца “саюзнай дзяржавай”.
Многія беларусы слушна ўспрынялі гэтую дамову, як пачатак здачы незалежнасці сваёй краіны. Таму вечарам таго ж дня па закліку “Радыё – 101,2”, якое тады ўзначальвала Жанна Ліцвіна, ў раёне Галоўпачтамта пачалі збірацца людзі.
Кіраўніцтва БНФ прапанавала ўсім перайсці у раён Камсамолькага возера да рэстарана “Канстанцін”, дзе міліцыя дазволіла ім мітынг. Людзі пачалі рухацца па тратуарам, бо ланцуг АМАПу не дазваляў ім выйсці на праезную частку праспекта. Разам з хлопцамі з “Белага легіёна” удалося прарваць ланцуг і вывесці шэсце з тратуараў.
Людзей рабілася ўсё болей. Нечакана ўбачыў у натоўпе сваіх дачок-падлеткаў – Кацярынку і Ганнульку, якія сказалі мне, што прыйшлі ратаваць Беларусь.
На пляцоўцы каля рэстарана “Канстанцін” сабралася некалькі дзесяткаў тысяч.
Людзі разумелі, што гэта не месца для пратэсту супраць дзяржаўнай здрады і патрабавалі весці іх у цэнтр. Я папрасіў хлопцаў з “легіёна” прынесці мне мегафон. Яны знайшлі адзін у аднаго з вельмі паважаных мной калегаў з БНФ. Здаецца, дабраахвотна ён не хацеў аддаваць той мегафон.
Апынуўшыся з “тэхнікай”, я вывеў людзей на Нямігу каля Траецкага прадмесця. Мітынг я вырашыў правесці каля Палацу спорта. Было цяжка павярнуць такую колькасць людзей з Нямігі на Машэрава (зараз Пераможцаў), бо частка з іх не хацела збочваць туды. А далей па Нямізе ўжо стаялі ланцугі міліцыі. Таму, калі я дабраўся да Палацу спорту, калегі з БНФ ужо пачалі там мітынг.
Мне дагэтуль крыху няёмка за свой выступ на тым мітынгу. Я быў настолькі ўзрушаны здрадай тады яшчэ легітымнага прэзідэнта, што ўжыў да яго некаторыя не зусім, як зараз кажуць, паліткаррэктныя выразы. Мабыць таму мяне нават не пасадзілі, у адрозненне ад Лявона Баршчэўскага, пад адміністрацыйны арышт. Каб не паўтараць самім тыя выразы ў судзе.
Потым былі яшчэ дзесяткі арганізаваных дэманстрацый, пакуль пасля Маршу свабоды 17 кастрычніка 1999 года, які завершыўся масавымі бойкамі дэманстрантаў з міліцыяй, ужо нелегітымны “прэзідэнт” не адмовіўся ад інтэграцыйнай рыторыкі на карысць незалежніцкай. Але гэта ўжо іншая гісторыя.