У Варшаве пачаўся тыдзень «Салідарных з Беларуссю»
З 28 верасня да 4 кастрычніка ў Варшаве будзе праходзіць серыя мерапрыемстваў «Салідарныя з Беларуссю».
Гэта выставы, кінапаказы, лекцыі, дыскусіі і вялікі канцэрт на сцэне ля вядомага Палаца культуры і навукі. Фіналам беларускага тыдня ў Варшаве стане 4 кастрычніка канцэрт гурта BRUTTO з прэзентацыяй новага альбома «Родны край», піша artsiadziba.by.
«Свабода без межаў» – так гучыць дэвіз дзевятага канцэрту «Салідарныя з Беларуссю». У гэтым годзе мерапрыемства пройдзе не вясной, як было раней, а 2 кастрычніка, у сувязі з «выбарамі» ў Беларусі.
На сцэне пад Палацам культуры і навукі ў Варшаве, каб супольна выказаць салідарнасць, выступяць вядомыя артысты з Беларусі, Польшчы і Украіны: Аня Русовіч (PL), Enej (PL), «Воплі Відаплясава» (UA), Šuma (BY), Dzieciuki (BY), Hańba! (PL), «Амплітуда Смеласці» (BY).
Нароўні з артыстамі будуць прысутнічаць людзі мастацтва, а таксама грамадскія і палітычныя дзеячы –Мікалай Статкевіч і Марына Адамовіч, Зміцер і Наста Дашкевічы, Людвіка і Генрых Вуец, Франак Вячорка, Наталля Панчанка і Алесь Пушкін.
Акрамя канцэрту адбудзецца шэраг дадатковых падзей – паказы фільмаў, выставы, сустрэчы і дыскусіі, у якіх возьмуць удзел артысты, інтэлектуалы і грамадскія актывісты з Польшчы, Беларусі і Украіны.
На ўсе мерапрыемствы «Салідарныя з Беларуссю» ўваход вольны! Квіткі на канцэрт «Brutto» можна купіць тут.
Расклад мерапрыемстваў:
28.09 – Выстава «Свабода без межаў» – The Krasnals (PL), Вольга Бабурына (BY), Воля Кузьміч(BY).
29.09 – Паказ фільма «Свабоду не спыніць», сустрэча з аўтарам Інгай Лізенгевіч.
30.09 – Паказ беларускіх незалежных дакументальных фільмаў «Валанцёры» і «Каханне па-беларуску».
1.10 – Дыскусія літаратараў «Заангажаваны мастак». Удзел возьмуць Беата Хамантоўская (PL),Віктар Марціновіч (BY), Альгерд Бахарэвіч (BY), Андрэй Любка (UA) і Валерый Панюшкін (RU). Мадэратар Катажына Квяткоўская-Маскалевіч.
2.10 – Канцэрт ля Палаца культуры і навукі «Салідарныя з Беларуссю».
У канцэрце ўдзельнічаюць: Аня Русовіч (PL), Enej (PL), Воплі Відаплясава (UA), Šuma (BY), Dzieciuki (BY), Hańba! (PL), «Амплітуда Смеласці» (BY).
«У гэтым годзе на традыцыйны канцэрт «Салідарныя з Беларуссю» мы таксама запрасілі гасцей з Украіны, каб звярнуць увагу на складаную геапалітычную сітуацыю ў рэгіёне. У жыхароў Варшавы будзе магчымасць выказаць сваю салідарнасць з нашымі ўсходнімі суседзямі», – сказаў Фелікс Тушко, старшыня аб\’яднання« Inicjatywa Wolna Białoruś», якое ўжо дзевяць гадоў штогод праводзіць гэты фестываль.
Канцэрт будзе гучаць у жывым эфіры «Радыё Рацыя» і варшаўскага радыё «Kampus» і ў інтэрнэце. Па ўсіх пытаннях звяртацца на электронную скрыню: [email protected].
3.10 – «Пастава супраціву» – дыскусія грамадскіх актывістаў. Удзельнічаюць: Франак Вячорка (BY),Павел Белавус (BY), Наталля Панчанка (UA).
4.10 – У варшаўскім клубе «Hybrydy» (ul. Złota 7/9) гурт BRUTTO прэзентуе альбом «Родны край». Падрабязнасці тут.