Удзельніка акцыі 11 кастрычніка ў Менску аштрафавалі на 1,8 мільёна
Усевалада Аўраменку абвінавачваюць у дробным хуліганстве, якое ён нібыта ўчыніў у грамадскім месцы.
На судзе выступілі сведкамі супрацоўнікі АМАПу Валянцін Заека і Андрэй Салодкі, якія склалі пратакол правапарушэння, знаходзячыся на службе ў той дзень у цывільным адзенні.
Яны засведчылі, што Аўраменка брыдкасловіў і нахабна чапляўся да грамадзян, а на заўвагі супрацоўнікаў міліцыі не рэагаваў. Да довадаў Усевалада Аўраменкі суддзя Вікторыя Шабуня не стала прыслухоўвацца і вынесла пастанову аб пакаранні яго штрафам сумай 10 базавых адзінак (1 800 000 рублёў).
Нагадаем, супрацоўнікамі міліцыі акрамя 5 актывістаў анархісцкага руху, якія правялі ноч у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў, былі затрыманыя яшчэ трое. Гэта ўдзельнікі мастацкага пэрфомансу Юрый Урса, Яўген Амелькоў і Усевалад Аўраменка. На ўсіх іх былі складзеныя пратаколы адміністратыўнага правапарушэння.