УКРАДЗЕНЫ ЧАС
Напрыклад, у другой палове 90-х Еўрапейскі Саюз прапанаваў нядаўна абранаму і яшчэ законнаму прэзідэнту далучэнне Беларусі да ЕС разам з Польшчай і краінамі Балтыі. Тады гэта быў рэальны сцэнар, бо Расія сама шукала шляхоў збліжэння з Захадам, нават хацела далучыцца да NATO.
Прэзідэнт адмовіўся ад запрашэння ў ЕС за ўсіх нас, нават не сказаўшы пра яго народу. А зараз у Масквы зусім іншае стаўленне да Захаду. І цяпер наш геапалітычны выбар рэзка звузіўся. Магчыма, калі б тады наша краіна паказала сваёй усходняй суседцы зусім іншы прыклад развіцця, гісторыя рэгіёна і свету пайшла б у другім накірунку.
У калгаснага старшыні закруцілася галава ад занадта лёгкай перамогі на першых прэзідэнтскіх выбарах. І толькі што абраны беларускі прэзідэнт адразу пачаў прымерваць на сябе шапку Манамаха. Замест таго, каб выконваць свае абавязкі і будаваць уласную краіну, пачаў актыўна гандляваць яе незалежнасцю.
Гэта ён сам навязаў Расіі “саюзную дзяржаву”. Калі ж планы на Крэмль абламаліся, то вырашыў, што Расія будзе заўсёды фінансаваць яго ўладу над Беларуссю. Бо прывык атрымоўваць у райкаме халяўныя “фонды” на свой калгас.
Насамрэч, Расія фінансавала праз “саюзную дзяржаву” падрыхтоўку Беларусі да інкарпарацыі – згортванне дэмакратыі, замарожванне эканамічных рэформ, прывязку беларускай эканомікі да расійскіх датацый і рынку, здачу інфармацыйнай прасторы, укараненне чужой ідэялогіі, падаўленне патрыятычных сіл, фальсіфікацыю нашай гісторыі, ліквідацыю асновы дзяржаўнасці – нацыянальнай мовы.
Цяпер Крэмль лічыць, што ўсё гатова, каб атрымаць ад саслабелага дыктатара ўжо аплочанае – нашу дзяржаву. І прапануе выканаць “саюзную дамову”, пад якую Масква выдаткоўвала і выдаткоўвае на ўтрыманне рэжыма ад 5 да 12 млрд. даляраў (у залежнасці ад кошту нафты і газу) штогод.
Логіка простая – альбо загарніце пакупку, альбо будзем змяньшаць халяўныя дадацыі ў сувязі з невыкананнем абяцанага. Паступова, на працягу 5 год.
Дарэчы, дастаткова прымальны варыянт, каб адмавіцца ад небяспечнага “саюзнага” праекта.
Але “перасідэнт” нават не думае адмаўляцца ад звыклай халявы. Бо інакш прыйдзецца выбіраць паміж дэфолтам і рэформамі. А рэформ ён баіцца нашмат болей, чым анэксіі краіны. Таму ўсчыняе лямант наконт пагрозы незалежнасці, каб выціснуць са спонсара працяг 20-гадовага банкета.
У чым праблема? Хочаш захаваць незалежнасць? Дык праводзь рэальныя эканамічныя і палітычныя рэформы ды адмаўляйся ад небяспечных датацый. 5 гадоў для гэтага нават зашмат. Рэформы ўжо даўно пераспелі – людзі з краіны хутка паразбягаюцца. Ніякімі дэкрэтамі назад не зацягнеш.