Актуальна

УКРАДЗЕНЫ ЧАС

«Перасідэнт» украў наш час. За 25 год тут можна было б пабудаваць паспяховую перадавую дзяржаву. Усё неабходнае для гэтага было — адукаваны працавіты народ, някепская па тым часе вытворчая база, дружалюбнае стаўленне ўсіх суседзяў.

Напрыклад, у другой палове 90-х Еўрапейскі Саюз прапанаваў нядаўна абранаму і яшчэ законнаму прэзідэнту далучэнне Беларусі да ЕС разам з Польшчай і краінамі Балтыі. Тады гэта быў рэальны сцэнар, бо Расія сама шукала шляхоў збліжэння з Захадам, нават хацела далучыцца да NATO.

Прэзідэнт адмовіўся ад запрашэння ў ЕС за ўсіх нас, нават не сказаўшы пра яго народу. А зараз у Масквы зусім іншае стаўленне да Захаду. І цяпер наш геапалітычны выбар рэзка звузіўся. Магчыма, калі б тады наша краіна паказала сваёй усходняй суседцы зусім іншы прыклад развіцця, гісторыя рэгіёна і свету пайшла б у другім накірунку.

У калгаснага старшыні закруцілася галава ад занадта лёгкай перамогі на першых прэзідэнтскіх выбарах. І толькі што абраны беларускі прэзідэнт адразу пачаў прымерваць на сябе шапку Манамаха. Замест таго, каб выконваць свае абавязкі і будаваць уласную краіну, пачаў актыўна гандляваць яе незалежнасцю.

Гэта ён сам навязаў Расіі «саюзную дзяржаву». Калі ж планы на Крэмль абламаліся, то вырашыў, што Расія будзе заўсёды фінансаваць яго ўладу над Беларуссю. Бо прывык атрымоўваць у райкаме халяўныя «фонды» на свой калгас.

Насамрэч, Расія фінансавала праз «саюзную дзяржаву» падрыхтоўку Беларусі да інкарпарацыі — згортванне дэмакратыі, замарожванне эканамічных рэформ, прывязку беларускай эканомікі да расійскіх датацый і рынку, здачу інфармацыйнай прасторы, укараненне чужой ідэялогіі, падаўленне патрыятычных сіл, фальсіфікацыю нашай гісторыі, ліквідацыю асновы дзяржаўнасці — нацыянальнай мовы.

Цяпер Крэмль лічыць, што ўсё гатова, каб атрымаць ад саслабелага дыктатара ўжо аплочанае — нашу дзяржаву. І прапануе выканаць «саюзную дамову», пад якую Масква выдаткоўвала і выдаткоўвае на ўтрыманне рэжыма ад 5 да 12 млрд. даляраў (у залежнасці ад кошту нафты і газу) штогод. 

Логіка простая — альбо загарніце пакупку, альбо будзем змяньшаць халяўныя дадацыі ў сувязі з невыкананнем абяцанага. Паступова, на працягу 5 год. 
Дарэчы, дастаткова прымальны варыянт, каб адмавіцца ад небяспечнага «саюзнага» праекта.

Але «перасідэнт» нават не думае адмаўляцца ад звыклай халявы. Бо інакш прыйдзецца выбіраць паміж дэфолтам і рэформамі. А рэформ ён баіцца нашмат болей, чым анэксіі краіны. Таму ўсчыняе лямант наконт пагрозы незалежнасці, каб выціснуць са спонсара працяг 20-гадовага банкета. 

У чым праблема? Хочаш захаваць незалежнасць? Дык праводзь рэальныя эканамічныя і палітычныя рэформы ды адмаўляйся ад небяспечных датацый. 5 гадоў для гэтага нават зашмат. Рэформы ўжо даўно пераспелі — людзі з краіны хутка паразбягаюцца. Ніякімі дэкрэтамі назад не зацягнеш.

 
Мікалай Статкевіч                                           17 снежня 2018 года