Уладзімер Някляеў: У апазыцыі, як заўсёды, асабістыя інтарэсы пераважаюць над нацыянальнымі, дзяржаўнымі

Паэт, экс-кіраўнік грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Ўладзімер Някляеў кажа, што хацеў бы бачыць пасьля заканчэньня паседжаньня Палаты прадстаўнікоў новы варыянт Выбарчага кодэксу, у якім было б прапісана тое, што называецца свабоднымі і транспарэнтнымі выбарамі, пачынаючы ад працэдуры падліку галасоў і сканчаючы назіраньнем:

«Зьмены будуць, толькі касмэтычныя. Яны ніякім чынам не закрануць асноўных момантаў, пра якія я казаў. Па сутнасьці сваёй Выбарчы кодэкс застаецца нязьменным, як нязьменнай застаецца палітыка ўлады на недапушчэньне грамадзтва, народа да вырашэньня асноўных палітычных пытаньняў, у тым ліку да пытаньня, хто ж павінен насамрэч кіраваць гэтай краінай».

З боку апазыцыі спадар Някляеў хацеў бы бачыць тое, што яшчэ раз агучыў літаральна дзень таму і што прапаноўваў і год, і два назад. Ён казаў пасьля падзеяў ва Ўкраіне, што палітычная сытуацыя ў Беларусі рэзка зьменіцца, фактар Украіны будзе працаваць і што апазыцыя страціць магчымасьць заклікаць людзей да актыўнага супраціву на плошчу:

«Трэба было б прыдумаць альтэрнатыву плошчы, і гэтай альтэрнатывай лягічна вынікае палітвязень Мікола Статкевіч, вылучэньне яго як адзінага кандыдата, патрабаваньне вызваленьня палітвязьня і патрабаваньне свабодных выбараў. На гэтай альтэрнатыве магла б аб’яднацца ўся дэмакратычная беларуская грамадзкасьць, якой на сёньня ня так ужо і мала, значна больш, чым пра гэта распавядаюць сродкі афіцыйнай прапаганды. Але гэта ня выйшла, таму што, як заўсёды, асабістыя інтарэсы, групавыя інтарэсы, інтарэсы партыяў пераважаюць над нацыянальнымі, над дзяржаўнымі інтарэсамі».

Так што, падсумоўвае спадар Някляеў, не падобна, што ягоныя жаданьні спраўдзяцца — як з боку ўладаў, так і з боку апазыцыі.

Іна Студзінская, Радыё Свабода