Уладзімір Халіп: У новай Беларусі Статкевіч згуляе вялікую ролю

Здарыцца гэта зусім хутка, верыць публіцыст і грамадскі дзеяч Уладзімір Халіп.

Пятым разам былы кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч сустрэў свой дзень народзінаў за кратамі. Яму споўнілася 59 гадоў.

У публіцыста і грамадскага дзеяча Уладзіміра Халіпа дачка журналістка Ірына Халіп і зяць былы кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў таксама ў 2010 годзе патрапілі ў турму за ўдзел у масавых пратэстах на Плошчы, паведамляе «Радыё Рацыя».

Са слоў Уладзіміра Халіпа, Мікалай Статкевіч працягвае барацьбу:

«Сапраўдны мужчына, сапраўдны афіцэр, ён чалавек гонару, ён з тых беларускіх змагароў, якія ў любы час, у любы гістарычны перыяд абаранялі сваю краіну, нягледзячы на тое, што яны былі ў меншасці. Такіх людзей не перамагаюць, самі яны ніколі не пакідаюць поле бою».

«У беларускай гісторыі былі і Касцюшкі, і Каліноўскі, і ўдзельнікі Слуцкага збройнага чыну», – нагадвае Уладзімір Халіп.

Уладзімір Халіп упэўнены, што час Мікалая Статкевіча яшчэ наперадзе. «Я веру і ведаю, што Беларусь хутка стане свабоднай. І ў гэтай новай Беларусі Мікалай Статкевіч яшчэ згуляе вялікую ролю», – кажа Уладзімір Халіп.

Мікалай Статкевіч – адзіны кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года, які дагэтуль знаходзіцца ў зняволенні. У траўні 2011 года ён быў асуджаны да шасці гадоў пазбаўлення волі на абвінавачванне ў арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень прэзідэнцкіх выбараў. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Статкевіча палітычным зняволеным.