Уладзімір Кобец: «Расейскі свет» не прынясе Беларусі нічога, акрамя ГУЛАГа

Без еўрапейскай будучыні Беларусь чакае лёс Данбаса.

Краіны «Вышаградскай чацвёркі» – Славаччына, Польшча, Чэхія ды Вугоршчына – падтрымалі аналітычны і медыя праект Хартыі-97 «Усходняе партнёрства: Еўрапейскі адказ Еўразіі».

У рамках гэтага праекта ў Браціславе адбылася першая сустрэча міжнароднай экспэртнай групы, якая аб\’ядноўвае прадстаўнікоў аналітычных цэнтраў краін Вышаградскай групы, Беларусі, Украіны ды Расеі.

Кіраўнік варшаўскага фонду «Хартыя-97» Уладзімір Кобец з гэтай нагоды паведаміў «Радыё Свабада»:

– Гэты праект паўстаў перш за ўсё таму, што ўпершыню пасля халоднай вайны Еўропа і ўвесь свет сутыкнуліся з такой з\’явай, як расейская агрэсія супраць краін, якія ўключаныя ў еўрапейскую ініцыятыву «Усходняе партнёрства». У рамках гэтага праекта, які называецца «Еўрапейскі адказ Еўразійскаму выкліку», мы аб\’ядналі экспэртаў васьмі краін.

Яны прааналізуюць вынікі палітыкі праграмы «Усходняга партнёрства»: наколькі яны адпавядаюць задачам, якія былі пастаўленыя перад праграмай, наколькі зрэалізаваныя інтарэсы краін, якія ўваходзяць у праграму «Усходняга партнёрства»?

Мы ведаем, што Крэмль мае сваё бачанне будучыні нашага рэгіёну. Наступствы гэтай пазіцыі мы назіраем у анэксаваным Крыме. І гэты «расейскі свет», які падаецца як выратаванне і будучыня, напраўду нясе сур\’ёзную пагрозу нашым краінам і ўсяму еўрапейскаму кантыненту. Абмеркаванне, аналіз гэтай сітуацыі і выпрацоўка канкрэтных рэкамендацый для краін Еўразвязу – гэта і ёсць мэта нашага праекта.

Да таго ж, «Усходняе партнёрства: Еўрапейскі адказ Еўразіі» – гэта і медыя праект. Мы ведаем, што цяпер актывізавана шмат квазімедый, праз расейскія прапагандысцкія каналы вядзецца інфармацыйная вайна супраць грамадзян і краін Еўразвязу і краін «Усходняга партнёрства». Таму яшчэ адная істотная задача гэтага праекта – даць аналітычна-экспэртны погляд на падзеі, якія былі б даступныя для шырокіх колаў грамадскасці. Бо тое, што ідзе з расейскіх тэлеканалаў – гэта непрыхаваная гебельсаўшчына, проста шчырая хлусня з падменай паняццяў і гістарычных фактаў. Таму ў адказ мы павінны даць людзям магчымасць атрымліваць узважаны погляд на падзеі. Калі з боку Расеі вядзецца інфармацыйная вайна, то ёй трэба супрацьстаяць.

– На які вынік разлічана гэтая праца і наколькі доўгатэрміновы сам праект?

– Яшчэ на стадыі абмеркавання праекту Беларусь і Украіна разглядаліся як ключавыя краіны для поспеху «Усходняга партнэрства». Але мы бачым, што ніякай стратэгіі Еўразвязу для нашых краін не было, а самач палітыка партнёрства не мела пэўнага грунту. Пасля Рыжскага саміту зусім незразумела, якія перспектывы гэтага партнёрства, бо краіны рухаюцца абсалютна ў розных кірунках. Тым часам павінен быць выпрацаваны мэханізм хуткай падтрымкі краін, асабліва з гледзішча падзеяў ва Украіне. Еўразвяз — таксама цэль для крамлёўскай прапаганды. Калі аналіз гэтых падзеяў будзе зроблены, тады экспэрты выпрацуюць дакладныя прапановы для ўдасканалення сітуацыі. Гэтыя напрацоўкі будуць даступныя для абмеркавання і ў медыях, і праз адкрытыя канфэрэнцыі. Адная з такіх публічных канфэрэнцый аб гэтых пытаннях ужо адбылася ў Браціславе. Пазней яны пройдуць і ў іншых краінах «Вышаградскай чацвёркі», а таксама ў краінах «Усходняга партнёрства», наколькі гэта магчыма. Гэты праект падтрыманы краінамі «Вышаградскай чацвёркі» і разлічаны на адзін год».

– Што мае на ўвазе другі складнік праекту — яго медыйнасць?

– Пра стварэнне нейкай новай мэдыйнай структуры гаворка не вядзецца, бо мы думаем, што гэта памылкова і нават небяспечна. Варта скарыстоўваць тое, што мы ўжо маем. А мы маем досвед 20-гадовага інфармацыйнага супрацьстаяння прапагандзе ў Беларусі. Маю на ўвазе і інтэрнэт-сайт «Хартыі-97», і ўсе недзяржаўныя СМІ, якія здольныя даваць незалежную інфармацыю. Гэта і тэлеканал «Белсат», і Радыё Свабода, і многія іншыя. Адказным за гэтую інфармацыю будзе фонд «Хартыі-97», але ўдзячныя мы будзем усім, хто далучыцца да гэтай справы. Бо мы бачым, як працуе расейская прапаганда, якая выкарыстоўвае ўсе магчымыя сродкі, каб працаваць на карысць Крамля. І гэта ёсьць інфармацыйная вайна.

Нашая задача — падаваць не толькі навіны, але і экспэртны погляд на падзеі, каб людзі маглі пабачыць еўрапейскую перспектыву для сябе і для сваёй краіны.

Бо «расейскі свет» не прынясе нічога, акрамя ГУЛАГаў і смерці. Мы не хочам, каб нашыя краіны ператварыліся ў новы Данбас, і будзем змагацца за сваю незалежнасць і свабоду. Скарыстоўваючы і такія праекты, будзем імкнуцца змяніць сітуацыю на карысць еўрапейскай будучыні нашых краін, дасягаючы галоўнай мэты — еўрапейскай інтэграцыі Беларусі, Украіны ды Малдовы.

Хартыя\’97