Уладзімір Някляеў: На плошчы мы прысягнём на вернасць сваёй радзіме
Агульнанацыянальная прысяга на Кастрычніцкай плошчы адбудзецца 8 верасня.
Адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Уладзімір Някляеў распавёў «Беларускаму партызану», як будзе праходзіць агульнанацыянальная прысяга на Кастрычніцкай плошчы, запланаваная на 8 верасня ў Менску.
– Уладзімір Пракаповіч, як думаеце, шмат людзей адгукнецца на гэты заклік?
– Людзі не адгукаюцца на заклікі выйсці на плошчу, бо не разумеюць рэальнай небяспекі, якая сёння навісла над нашай краінай.
Прычынай гэтага з\’яўляецца масавае замбаванне беларускага грамадства і татальная блакада тых, хто выказвае насцярожанасць будучымі вайсковымі вучэннямі. А гаворка, між іншым, у тым ліку, ідзе і аб незалежнасці нашай краіны. Магчыма, пакуль яшчэ не ўсе гатовыя ўспрыняць гэтую інфармацыю. Але гэта не азначае, што акцыя не адбудзецца.
– 8 верасня 1992 года вайсковыя афіцэры прысягнулі на вернасць беларускаму народу. Некаторыя з тых, хто 25 гадоў таму выйшаў на плошчу, сёння кажуць так: «Я 25 гадоў таму даў прысягу Радзіме. Навошта яшчэ?»
– Гэта прынцыпова розныя рэчы! 25 гадоў таму была вайсковая прысяга. А мы запрашаем на прысягу людзей, якія не звязаныя з вайсковай справай. Мы заклікаем у гэтым дзень выйсці на плошчу ўсіх патрыётаў Беларусі. Тых, хто не абыякавы да лёсу краіны, хто гатовы абараніць сваю радзіму ў выпадку небяспекі.
З іншага боку, як жанчыне, так і радзіме можна прызнавацца ў каханні бясконца шмат разоў. І я не думаю, што гэта занадта.
– Прабачце за пытанне, але… Апошнім часам і вы, і Мікалай Статкевіч напярэдадні запланаваных акцый пратэсту апынаецеся ў ізаляцыі. Статкевіч зноў раптоўна затрыманы на 20 дзён… Не выключана, што заўтра і вы апыняцеся ў няволі…
– Рада Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу – гэта ж не толькі Някляеў і Статкевіч. Гэта тры дзясяткі чалавек. Не прыйдзем мы – прыйдуць іншыя. Вядомая рэч, што гэтым разам Статкевіч не прыйдзе на плошчу. Але 25 сакавіка і Някляева, і Статкевіча, і іншых лідараў апазіцыі арыштавалі, але вы бачылі, колькі прыйшло народу… Так што ізаляцыя лідараў апазіцыі – не эфектыўная методыка з боку ўлады.
– А хто 8 верасня будзе прымаць прысягу?
– Прыйдуць людзі, мы кожнаму дамо раздрукаваны тэкст прысягі – ён невялікі. У гэтым выпадку ні маршы, ні генералы, ні гетманы нам не патрэбныя. Словы прысягі чалавек прамаўляе сваёй радзіме.